2011-12-16 18:50:40

"Чалавек у секулярным грамадстве". Праблемы знешняга выражэння веры


Вітаю вас, шаноўныя слухачы, на нашай перадачы, прысвечанай разважанням над жыццём хрысціяніна ў секулярным грамадстве. У нашых мінулых радыёспатканнях мы паспрабавалі прыгледзецца да кандыцыі веры сучаснага католіка. Разглядаючы рэлігійнае жыццё з пункту гледжання свядомасці веры і яе выражэння ў практыцы, мы выдзелілі некалькі катэгорый вернікаў ад найбольш развітых духоўна да найменш прывязаных да Касцёла.

У нашай мінулай перадачы мы абмяркоўвалі першы тып рэлігійнасці, які ў штодзённым жыцці людзі часта акрэсліваюць як сапраўдную веру. Нам удалося заўважыць, што сур’ёзная хрысціянская тоеснасць грунтуецца на вернасці Богу і трываласці ў выкананні Яго запаведзяў. Усё гэта патрабуе няспынных намаганняў у адкрыванні, пазнаванні і ўсведамленні ўсяго таго, што з дапамогай Касцёла мы пазнаём пра Бога, чалавека і акружаючы нас свет. Таксама мы звярнулі ўвагу на тое, што сапраўдная вера натуральным чынам патрабуе выражэння. Бо, як вучыць святы Апостал Якуб, “вера без учынкаў мёртвая” (Як 2, 26). Рэлігійнасць чалавека імкнецца да знешняга самавыражэння. Шматвяковая гісторыя Касцёла адкрывае перад сучасным католікам багатую спадчыну літургіі, сімвалаў, традыцый і звычаяў. Таму сучасны вернік стаіць перад вялікім дарам і выклікам – пазнаць і зразумець скарбы знешніх выразаў веры. Як важна навучыцца не толькі правільна выконваць усе практычныя прадпісанні Касцёла, але разумець тое, да чаго заклікае нас Традыцыя, паказваючы правераныя вякамі шляхі хрысціянскай веры і маралі.

У сённяшняй перадачы мы працягваем абмеркаванне розных тыпаў рэлігійнасці, якія адкрываем у асяроддзі сучасных хрысціянаў. Давайце прыгледзімся да той катэгорыі вернікаў, якія ў штодзённым жыці часта акрэсліваюцца як “фармалісты” або “абрадаверцы”.

Каб зразумець сучасную своеасаблівасць гэтага тыпу рэлігійнасці, варта разглядзець яго ў кантэксце парадоксаў эпохі постмадэрнізму. З аднаго боку гэтая эпоха характэрызуецца агульнай тэндэнцыяй да крытыкі і выварочвання ўсяго, што данесла да нас культурная спадчына. У сферы рэлігіі гэта выражаецца ў спакусе адкінуць або паставіць пад сумнеў нормы, традыцыі і звычаі веры і маралі. У той жа час існуе выразная тэндэнцыя да пошуку нейкага глыбіннага сэнсу, які, паводле веры постмадэрніста, схаваны пад шматлікі наслаеннямі папярэдніх эпох. Гэтая адмысловая ідэалізацыя чагосьці першаснага нагнятае імкненне да вытокаў. У такое рэчышча цудоўна ўпісваецца жаданне многіх хрысціянаў адкінуць шматвяковую спадчыну Касцёла і хрысціянства ў імя вяртання да нейкага ідэальнага пункту апоры ў хрысціянскай даўніне. Для адных гэтым пунктам становяцца часы першых пакаленняў хрысціянаў. Для другіх – эпоха ранняга сярэднявечча. Трэція абіраюць пунктам апоры эпоху каталіцкай рэформы, акрэсленай у Трыдэнце. Шматлікія пункты выхаду, але адна характэрная рыса. Кожны з гэтых аматараў, здавалася б, самых розных культурна-рэлігійных адметнасцей, імкнецца самавыразіцца праз знешнія формы.

І няма нічога дрэннага ў тым, што нейкая асоба намагаецца падкрэсліць сваю ідэнтычнасць пры дапамозе знешніх атрыбутаў. Як бачым, рэлігійная сфера тут не выключэнне. Свядома ці несвядома, чалавек самавыражаецца ў знешнім.

Аднак узгаданая намі тэндэнцыя некаторых католікаў да зацыкленасці толькі на адной, вырванай з кантэксту, форме рэлігійнасці, пагражае надмернай канцэнтрацыяй на знешніх формах веры. І тут можна заўважыць некалькі небяспечных момантаў.

Першае, што звяртае на сябе ўвагу пры такой веры, гэта абыякавасць да сэнсаў і зместу выкарыстоўваемых сімвалаў, звычаяў і практык. Прыкладам можа быць захаванне пятнічнага посту, але не разуменне значэння гэтай практыкі. Або ўзгадаем яшчэ тэндэнцыю да пільнага адгаворвання розных малітоўных формул без роздуму над сэнсам словаў і выразаў, якія вымаўляюцца.

Наступная рэч, якая характэрная для такой пабожнасці, гэта зацыкленасць на адной форме практычнага выражэння пабожнасці. Такая асоба можа дайсці да агрэсіўнай атакі кожнага верніка, які ў іншай форме выражае сваю веру, малітву ці выконвае нейкія рэлігійныя ці маральныя патрабаванні Касцёла.

Жывучы ў сучасным свеце, поўным рэлятывізма, шматкультурнасці, варта асцерагацца хрысціянам, каб не патрапіць у небяспечную крайнасць. Яе падсілкоўвае страх перад размыццем канфесійнай ідэнтычнасці з-за татальнага плюралізму і адноснасці. Тут перад кожным католікам стаіць велізарнае заданне не адкідваць, але адкрываць вялікую разнастайнасць форм знешняга выражэння адной веры Паўсюднага Касцёла. Варта вучыцца кожнаму з нас, цэнячы сваё, паважаць кожную іншасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.