2011-12-16 13:22:25

У 30 раз ёлка і яслі на плошчы св. Пятра


RealAudioMP3 Сёлета ў 30 раз на плошчы св. Пятра з’явіцца святочная кампазіцыя, прымеркаваная да свята Божага Нараджэння. У гэтым годзе яна прысвечана Марыі, Маці Езуса. Яшчэ адным матывам сёлетняй ватыканскай стаенкі стала нядаўняя беатыфікацыя Яна Паўла II, які вызначаўся глыбокай пашанай да Багародзіцы. Герб памерлага Пантыфіка, быў прысвечаны галоўнай таямніцы хрысціянства – Адкупленню і ўяўляў сабой крыж з вялікай літарай “М”, што нагадвала аб прысутнасці Маці Божай ля падножжа Крыжа. Адданасць Пантыфіка Марыі праяўлялася таксама ў яго дэвізе, які абраў яшчэ як кардынал: “Totus Tuus” (Увесь Твой, Марыя).

Канструкцыя святочных ясляў на плошчы св. Пятра створана супрацоўнікамі тэхнічных службаў Губернатарата Дзяржавы Ватыкан у традыцыйным іканаграфічным жанры. Фігуры для стаенкі ў 1842 г. замовіў св. Вінцэнт Палоцці. Першапачаткова яны былі прызначаны для рымскага касцёла св. Андрэя.

Сёлетняя кампазіцыя на плошчы перад ватыканскай базылікай адлюстроўвае гістарычны кантэкст прыйсця ў свет Божага Сына. Яна дэманструе архітэктуру, ландшафт і сцэны з паўсядзённага жыцця жыхароў Палестыны двухтысячагадовай даўніны. У левай часцы стаенкі – храм і некалькі дамоў, у адным з якіх бачым сцэну Звеставання.

Храм ля стайні нагадвае аб Ахвяраванні Хрыста ў святыні, калі Сімяон, благаславіў Святую Сям’ю і сказаў Марыі: “Вось Гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў” (пар. Лк 2 - 34, 35).

Справа ад сцэны Нараджэння, ля выявы іншага дому, бачныя дзве жаночыя фігуры, якія нагадваюць аб сустрэчы Панны Марыі з Альжбетай, якая сказала: “Благаслаўлёная ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго” (пар. Лк 1, 42).

Справа ад сцэны Божага Нараджэння стаіць ёлка, якая прыбыла ў гэтым годзе з Карпацкіх гор.








All the contents on this site are copyrighted ©.