2011-12-16 13:30:42

Папа прысутнічаў на трэцім адвэнтавым казанні айца Канталамесы


RealAudioMP3 16 снежня Бэнэдыкт XVI, разам з супрацоўнікамі Рымскай курыі, прысутнічаў на трэцім адвэнтавым казанні айца Раньеро Канталамесы, прапаведніка Папскага дому. Сваё разважанне італьянскі капуцын прысвяціў евангелізацыі амерыканскага кантынента. Ён адзначыў, што місіянеры, якія прыбывалі ў Амерыку “былі ўпэўнены ў неабходнасці ахрысціць як мага больш людзей за кароткі прамежак часу, каб гарантаваць ім знешняе збаўленне”. Айцец Канталамеса падкрэсліў, што так не было ў часы першага хрысціянства: у той час евангелізацыя была скіравана ў першую чаргу да членаў Касцёла, і толькі калі хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй, пачалося актыўнае хрышчэнне юдэяў і язычнікаў.

Акрамя таго, айцец Канталамеса нагадаў, што евангелізацыя Амерыкі мела, як светлыя так і цёмныя моманты, суправаджалася правільнымі і памылковымі ўчынкамі. Капуцын падкрэсліў, што сярод прыбыўшых на адкрыты Калумбам кантынент былі тыя, хто шукаў прыгодаў і багаццяў, але таксама і шматлікія законнікі-місіянеры, якія “не прыходзілі, каб браць, але, каб даваць; жадалі заваёўваць душы для Хрыста, а не для караля Іспаніі, нават калі і былі патрыётамі сваёй краіны”.

Айцец Канталамеса адзначыў, што сёння, у кантэксце новай евангелізацыі ў Лацінскай Амерыцы, існуюць праблемы, звязаныя, перш за ўсё, з пошукам баланса паміж сацыяльнай дзейнасцю Касцёла і абвяшчэннем веры, а таксама з празелітызмам з боку шматлікіх сект. Каб адказаць на гэтыя выклікі прапаведнік заклікаў углядацца ў прыклад першых місіянераў і імкнуцца злучыць клопат аб матэрыяльным дабрабыце насельніцтва са збаўленнем іх душаў, а таксама праз экуменічны дыялог з іншымі існуючымі на кантыненце хрысціянскімі Цэрквамі спрыяць барацьбе з сектамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.