2011-12-16 18:50:52

"З сэрцам у кантакце". Восем благіх помыслаў (IV)


Сёньня я хачу распавесьці пра апошні две благія думкі з каталога васьмі благіх думак-помыслаў Евагрыя Панційскага. У гэтым мне дапамагае кніжка кардынала Томаша Шпідліка «Мастацтва ачышчэньня сэрца». Мова ў нас пойдзе пра славалюбства і пыху. Таксама асобна ўзгадаем і пра корань зла, корань усіх благіх помыслаў - себялюбства.

Славалюбства

Славалюбства – ёсьць пэўнай праявай пыхі. Славалюбца вымагае для сябе захаплення і пашаны за тое, што ён атрымаў ад Бога (зрэшты без ніякай заслугі з свайго боку).

Хтосьці хоча, каб захапляліся яго густымі валасамі, хтосьці чакае захапленьня ад яго цудоўнага голасу; адзін чакае захапленьня іншых яго інтэлектуальнымі здольнасьцямі, другі выстаўляе сваё шляхецкае паходжаньне. Той, хто апанаваны славалюбствам, да самога скону будзе залежаць ад людскога прызнання.

Духоўныя аўтары параўноўваюць славалюбства да злодзея, які таварышыць вандроўніку, робячы выгляд, што ідзе ў тым самым кірунку, але потым нечакана яго абрабоўвае. Славалюбівы часта працуе, выконвае запаведзі, ходзіць у святыню. Чым больш ён становіцца руплівым, тым больш чакае для сябе пахвалы. Аднак нарэшце ён губіць усе свае заслугі, якія асягнуў дзякуючы сваім добрым учынкам, бо па-сутнасці не рабіў іх для Бога, але для сваёй пустой славы.

Вось чаму так часта спраўджваецца тое, пра што пісаў святы Павал: “Бог выбраў дурное сьвету, каб асароміць мудрых, і бяссільнае сьвету выбраў Бог, каб асароміць дужое; і бязроднае сьвету і пагарджанае і няістотнае выбраў Бог, каб знішчыць істотнае, дзеля таго, каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім” (1 Кар 1, 27-29).

Пыха – “апошні дэман”

Слушна асцерагаюць нас дасведчыныя, што менавіта тыя, якія намагаюцца жыць духоўным жыццём выстаўленыя на небеспеку сапраўднай пыхі. Гэта загана ёсць “апошнім дэманам”, які атакуе тых, які вызваліліся ад “сямі папярэдніх”. І гэты дэман ёсць мацнейшы, чым усе іншыя. Ён узбуджае ў нас пачуццё перавагі над іншымі з-за сваіх добрых учынкаў, тэалагічных ведаў, паклікання да сьвятарскага ці манаскага жыцця.

Гавораць, што ганарлівасць папярэджвае падзеньне. Ганарлівага лёгка схіліць да граху. Тэолаг ганарыцца сваімі ведамі, аж урэшце пачынае навучаць фальшыва. “Самадастатковасць уласнага меркавання” ёсць паводле Феадарыта Кірскага самай паважнай хваробай інтелектуалаў, якія згубілі пакору: “Яны пагарджаюць кожнай ініцыятывай і парадамі іншых. Іх улюбёная прымаўка: або зробім гэта так, як я хачу, або не чакай ад мяне дапамогі”.

Дзе шукаць корань зла?

Рыгор Вялікі сьцьверджвае, што коранем усіх заганаў зьяўляецца пыха. Вось чаму ў ягоны спісе ён зьмяшчае яе на першым месцы. Для Евагрыя Пантыйскага асновай усіх іншых васьмі заганаў ёсць себялюбства, любоў да самога сябе (па-грэцку philautia), іншыя ж называюць яе “сваёй воляй”, свавольствам. Аднак ці сапраўды гэта дрэнна, калі мы любім сябе?

Разглядаючы гэта пытанне, трэба зважаць, каб не патрапіць у непаразуменьне. Евангелле наказвае нам любіць бліжняга, як самога сябе (пар. Мц 22, 39), і не гаворыць нічога пра “нелюбоў да сябе”. Схаластыкі паўтаралі сентэнцыю: “Хто нядобры да сябе, ня можа быць добрым да іншых”.

Хрысціянства імкнецца спалучыць любоў да сябе і да іншых у адну любоў. Хто адкідвае такое разуменні любові, таму застаецца “любоў” да самога сябе, але эгаістычная і скажоная, якую мы называем таксама эгаізмам. Святы Максім Вызнаўца акрэслівае philautia, як “любоў да сябе супраць сябе”. Сапраўдная ж любоў з’яўляецца крыніцай усіх цнотаў-дабрадзейнасцяў, эгаізм жа ёсць коранем усіх заганаў.

Як пазбавіцца свавольства?

Ужываючы гэты тэрмін (свая воля, свавольства) таксама трэба быць уважлівым, каб не памыліцца. Свабодная воля з’яўляецца адным з самых вялікіх дароў Бога: “Каб збавіцца – піша святы Ян Златавусны – дастаткова хацець”. Аслабіць волю – азначае ўчыніць чалавека меньш здольным, ці да звычайнай працы, ці да духоўнай дасканаласці, да якой ён імкнецца.

У такім кантэксце могуць нас здзіўляць перасцярогі святога Дарафея, святога Бенедыкта і іншых, якія сувора нагадваюць, каб “цалкам знішчыць сваю волю”, каб стацца здольным прыняць у поўні Божую волю, ці волю нашай вышэйшай законнай улады.

Мы ўжо сцвердзілі ў мінулых перадачах, што пачаткам усялякага зла ёсць благая думка, што намаўляе нас да граху. Мы ведаем, што мы можам і павінны супраціўляцца гэтым благім помыслам. Аднак шматразова да нас прыходзіць жаданне прыняць іх, так як быццам бы мы далі на іх згоду. Тады чалавек намагаецца апраўдацца за гэта перад сабой ды іншымі. Напрыклад, хцівасць апраўдываецца неабходнасцю эканоміць, нежаданне прабачыць называецца “пачуццем справедлівасці” і г.д. Розныя аўтары пад “сваёй воляй” разумеюць уласна гэту схільнасць да апраўданьня цягі да зла пры дапамозе сафістыкі, словаблудства.

У такім значэнні “сваю волю” неабходна знішчыць да таго, як станецца крыніцай розных турботаў. Сапсаваны чалавек не толькі чыніць злачынствы, але ёсць у стане знайсці ім усім апраўданне. Адзіным лекам на гэтае скрыўленне ёсць шчырае шуканне Божай волі і паслухмянасць таму, хто яе пераказвае – свайму духоўнаму айцу, духоўным уладам (святарам, біскупам).








All the contents on this site are copyrighted ©.