2011-12-15 18:13:29

Святы Айцец маліўся са студэнтамі рымскіх універсітэтаў


RealAudioMP3 15 снежня ў 17.30 Бэнэдыкт ХVI узначаліў у базыліцы св. Пятра ўрачыстыя нешпары з удзелам студэнтаў рымскіх універсітэтаў. У сваёй прамове Папа нагадаў словы апостала Якуба, які заахвочвае земляробаў “чакаць каштоўнага плоду зямлі” (Як 5, 7). Святы Айцец адзначыў, што студэнты жывуць у культурным і грамадскім асяроддзі ў часы, калі выпрабоўваюцца новыя і ўсё больш складаныя тэхналогіі і запрашэнне апостала можа падацца анахранізмам. Але, паводле Папы, яно “нагадвае, што мы не самотныя і не адзінокія ў пабудове нашай гісторыі. Бог не далёка ад нас, Ён пасяліўся сярод нас”.

Пантыфік звярнуў увагу на іншы аспект Паслання св. апостала Якуба, калі земляроб “церпяліва чакаў” (Як 5, 7). “Гэтым земляробам з’яўляецца сам Езус, сапраўдны земляроб гісторыі, які умее чакаць”, - адзначыў Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што людзі шмат разоў намагаліся пабудаваць свет без, ці нават супраць Бога. У выніку гісторыя была намечана трагічнымі ідэалогіямі, якія ў рэшце рэшт выступілі супраць самаго чалавека і яго глыбокай годнасці.

“Пастаянны спакой у пабудове гісторыі, як на асабістым так і на грамадскім узроўнях, з’яўляецца чымсці вялікім і складаным”, - адзначыў Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што “быць сталым і церпялівым, значыць навучыцца будаваць гісторыю разам з Богам, бо толькі заснаваная на Яго навучанні і створаная разам Ім пабудова мае трывалыя асновы, яе не выкарыстоўваюць у ідэалагічных мэтах і яна становіцца сапраўды годная чалавека”.

На заканчэнне набажэнства дэлегацыя іспанскіх універсітэтаў перадала ікону Маці Божай “Sedes Sapientiae“ (Пасад Мудрасці) дэлегацыі рымскага ўніверсітэта “La Sapienza”, у якім выява Маці Божай застанецца праз некаторы час. Гэта стане першым этапам “Пілігрымкі Марыі”, якая закончыцца міжнароднай сустрэчай універсітэцкіх прафесараў у Рыме ў чэрвені 2012 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.