2011-12-15 11:51:58

Бэнэдыкт XVI прыняў даверчыя граматы новых паслоў пры Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 15 снежня Бэнэдыкт XVI прыняў даверчыя граматы новых паслоў пры Апостальскай Сталіцы, дыпламатычных прадстаўнікоў: Рэспублікі Трынідад і Табага, Швейцарыі, Бурундзі, Тайланда, Пакістана, Мазамбіка, Кыргыстана, Андоры, Шры-Ланкі і Буркіна-Фасо. Традыцыйна Папа звярнуўся да прысутных дыпламатаў з прамовай, у якой адзначыў, што ў сённяшнім свеце, дзякуючы новым сродкам камунікацыі, эканамічным сувязям, інтэнсіўнаму перамяшчэнню людзей, адчуваецца, як ніколі, адзінства чалавечай сям’і. Святы Айцец заклікаў не шукаць у гэтых феноменах пагрозы, але наадварот, адкрыць вялікія магчымасці, якія заключаюцца ў шчырай сумеснай працы. “Мы ўсе адказныя адно за аднаго, і таму неабходна спрыяць умацаванню салідарнасці”, - сказаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што салідарнасць павінна існаваць таксама паміж пакаленнямі. “Яна мае свае карані ў сям’і, якая павінна падтрымлівацца і, такім чынам, выконваць сваю ролю ў жыцці грамадства”, - сказаў Святы Айцец. Асаблівую ўвагу Пантыфік звярнуў, на неабходнасць выхавання моладзі і вырашэння шматлікіх сацыяльных праблем, якія ёй пагражаюць, такіх як беспрацоўе, гандаль наркотыкамі, злачыннасць. “Клопат аб будучых пакаленнях, будзе спрыяць адзінству чалавечай сям’і”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што ў сённяшнім свеце распаўсюджана меркаванне, паводле якога, культурная і рэлігійная разнастайнасці з’яўляюцца тупіком для чалавецтва. “Плюралізм культур і рэлігій не супярэчыць агульным імкненням да праўды, дабра і прыгажосці” - падкрэсліў Святы Айцец. Акрамя таго, Папа адзначыў, што “мір, а таксама сацыяльная і рэлігійная гармонія не залежаць толькі ад справядлівай і адпаведнай заканадаўчай базы, але і ад маральных якасцяў кожнага грамадзяніна”, таму задачай палітыкаў і ўсіх, хто мае адказнасць на розных узроўнях, з’яўляецца спрыянне інтэгральнаму развіццю кожнага чалавека.

Папа пажадаў новапрызначаным паслам плённай працы і запэўніў у неабходнай падтрымцы і неабходнай дапамозе з боку супрацоўнікаў дыкастэрый Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.