2011-12-14 12:05:12

Кардынал Равазі: Гаўдзі з’яўляецца прыкладам для мастакоў ХХІ ст.


RealAudioMP3 У Ватыкане да 15 студзеня 2012 г. працуе выстава пад назвай “Гаўдзі і базыліка Святой Сям’і ў Барселоне. Мастацва, навука і духоўнасць”. З яе нагоды ў Нацыянальным музеі мастацтва ў Рыме прайшла навуковая сесія, у якой прынялі ўдзел кардынал Джанфранко Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, і швейцарскі архітэктар Марыё Ботта. “Архітэктар павінен сведчыць аб рэальнасці свайго часу. Маё пакаленне стала сведкам і ў некаторых выпадках нават спрыяла збядненню архітэктуры еўрапейскіх гарадоў, знікненню іх канчактовага значэння: няма горада без яго цэнтра”, - сказаў Марыё Ботта. Творца адзначыў, што пачаў праектаваць касцёлы выпадкова і сёння гэта стала яго самай любімай справай. “Гаўдзі – гэта святы для архітэктуры, як Эйнштэйн для фізікі”, - падкрэсліў швейцарскі архітэктар.

Кардынал Джанфранко Равазі адзначыў, што творца з Каталоніі з’яўляецца прыкладам для сваіх калег у ХХІ ст. Іерарх падкрэсліў, што яго мара – гэта дыялог “архітэктараў і мастакоў на тэму пошуку сучаснае мовы, якая б не цэнзуравала патрэбы бясконцасці, і такі дыялог мог бы адбыцца падчас Венецыянскага кінафестываля”. Кардынал Равазі адзначыў, што гэта яго асабісты праект, і ён мае свядомасць, што рэалізаваць яго складана.








All the contents on this site are copyrighted ©.