2011-12-14 12:15:53

Капелан турмы “Рэбібія” аб візіце Папы: Бэнэдыкт XVI разбурае сцяну абыякавасці


RealAudioMP3 Застаецца некалькі дзён да візіту Святога Айца ў рымскую турму “Рэбібія”. Папа Бэнэдыкт XVI у бліжэйшую нядзелю сустрэнецца са зняволенымі і благаславіць ёлку, якая будзе пасаджана перад турэмнай капліцай у памяць аб гэтым візіце. Турэмны капелан Пьер Сандро Спрыяно ў інтэрв'ю нашаму радыё заявіў, што рашэнне Папы наведаць вязняў мае надзвычай важнае значэнне, бо візіт можа стаць штуршком для ўсяго грамадства звярнуць увагу на зняволеных. Ксёндз падкрэсліў шматгадовае ігнараванне дзяржаўнымі інстытутамі пытанняў умоў працы персаналу і арганізацыі жыцця і перавыхавання вязняў.

“Касцёл у асобе свайго найвышэйшага аўтарытэта – Папы, быццам бы кажа кожнаму вязню: “мы з табой”, тым самым разбураючы сцяну абыякавасці”, - кажа капелан найбуйнейшай сталічнай турмы. Ён выказвае спадзяванне, што візіт Бэнэдыкта XVI можа таксама стаць прэлюдыяй да дзеянняў з боку палітыкаў пачаць вырашаць праблему неверагоднай перапоўненасці камер ва ўсіх турмах, што прыніжае чалавечую годнасць працаўнікоў і часова ізаляваных ад грамадства і не спрыяе іх выпраўленню.

Святар сцвердзіў, што ўсе з энтузіязмам духоўна рыхтуюцца да прыняцця ў сваё сэрца чалавека, які прадстаўляе Езуса Хрыста, і рыхтуюцца задаць Бэнэдыкту XVI свае пытанні.

Гэта будзе другі візіт Бэнэдыкта XVI у месцы зняволення: 18 сакавіка 2007 г. Святы Айцец пабываў у калоніі для непаўналетніх у мястэчку Казаль дэль Мармо непадалёк ад Рыма.








All the contents on this site are copyrighted ©.