2011-12-14 16:21:39

Генсек епіскапата Італіі: дапамога эмігрантам – уклад у агульначалавечы прагрэс


RealAudioMP3 14 снежня 2011 г. у Рыме адбыўся семінар, арганізаваны Папскай радай пастырства работнікаў сферы аховы здароўя і фондам “Migrantes” італьянскай “Caritas”. На ім было агучана, што сёння ў Італіі пражывае больш за 5 млн. асоб, прыбыўшых з-за мяжы, са 198 краін свету. Як адзначалася на мерапрыемстве, магутнасць міграцыйных плыняў робіць неабходным аб’яднанне намаганняў Касцёла і дзяржавы для інтэграцыі эмігрантаў ў заходнія дэмакратычныя грамадствы і будаўніцтва агульнага дабра.

Сумленне вернікаў не можа быць абыякавым у абліччы праблем людзей, якія апынуліся ў новых умовах, у пераходным становішчы. Хрысціяне павінны браць на сябе адказнасць і клапаціцца аб іх, - падкрэслілі ўдзельнікі форуму.

На першы план былі вылучаны пытанні клопату аб здароўі мігрантаў, выстаўленых на вялікія выпрабаванні. Выступленне біскупа Мар’яно Крочаты, генеральнага сакратара Канферэнцыі Біскупаў Італіі, накіравала дыскусію ў рэчышча трох асноўных напрамкаў: агульная даступнасць нацыянальных службаў аховы здароўя для эмігрантаў, клопат аб псіхічным здароўі і ахова мацярынства.

Пытанне дапамогі церпячаму і гасціннасці стаіць у самой аснове чалавечнасці і хрысціянскай веры, якая ўнесла вырашальны ўклад у сучасную цывілізацыю, адзначыў іерарх. “Мы павінны навучыцца распазнаваць твар Хрыста ў тых, хто пакутуе, уносіць персанальны ўклад у выкараненне няроўнасці, адзіноты і пакінутасці. У гэтым плане наша пастырская апека становіцца ўкладам ў агульначалавечы прагрэс,”- адзначыў біскуп Крочата. Толькі ўключаючы эмігрантаў у грамадства можна паскорыць працэсы справядлівасці і сацыяльнай згоды, што з’яўляецца натуральным шляхам евангелізацыі”,- адзначыў генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.