2011-12-14 14:29:13

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: сапраўдная малітва адкрывае сэрца на Бога і бліжняга


RealAudioMP3 14 снежня ў Залі Паўла VI у Ватыкане Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі. Сваю катэхезу Святы Айцец прысвяціў малітве Езуса, якая заўсёды прысутнічала падчас яго цудоўных аздараўленняў. “У Евангеллях прадстаўлены розныя сітуацыі, калі Езус маліўся перад абліччам аздараўляючай моцы Бога Айца, што дзейнічаў праз Яго. Гаворка ідзе аб малітве, у якой яшчэ раз паказаны адносіны ведання і адзінства з Айцом, у той час як Езус удзельнічаў ў праблемах сваіх сяброў, напрыклад Лазара і яго сям’і, шматлікіх бедных і хворых, якім хацеў канкрэтна дапамагчы”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Каментуючы фрагмент Евангелля, у якім расказваецца аб аздараўленні Езусам глуханямога, Святы Айцец нагадаў, што Хрыстус “адвёў яго далей ад натоўпу”, не толькі для таго, каб людзі не бачылі цуду, бо тады маглі б мець абмежаванае уяўленне аб ім, але каб застацца з глуханямым удвух і ўстанавіць з ім блізкія адносіны. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што Езус, перад тым як аздаравіць глуханямога, звярнуўся да Айца: “Паглядзеў на неба і ўздыхнуў”. “Увага да хворага, клопат Езуса аб ім, звязаны з глыбокай малітвай, скіраванай да Бога (...) Сустракаюцца два тыпа адносін – чалавечае спачуванне да чалавека ўваходзіць у адносіны з Богам і становіцца аздараўленнем”, - сказаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI адзначыў таксама, што Езус меў сяброўскія адносіны і спачуванне да родных і знаёмых Лазара, якога ўваскрасіў з памерлых. “Навіна аб смерці сябра была прынята Езусам з вялікім болем, але таксама з упэўненасцю ў адносінах з Богам і ў місіі, якая яму была даручана”, - сказаў Пантыфік. Цытуючы фрагмент Евангелля паводле св. Яна, Святы Айцец нагадаў словы Езуса аб тым, што хвароба Лазара “не вядзе да смерці, але да хвалы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе”. “Момант малітвы Езуса да Айца перад магілай, з’яўляецца натуральным завяршэннем гэтай падзеі, у якой выяўляецца сяброўства з Лазарам і сыноўнія адносіны з Богам. Тут таксама гэтыя два тыпы адносін ідуць побач. “Езус узняў вочы ўгару і сказаў: “Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што “гэтыя словы Хрыста ўмацавалі адносіны з сябрам і, адначасова, падцвердзілі намер Езуса заставацца ў адзінстве з воляй Айца, з Яго планам любові, у якім хвароба і смерць Лазара сталі месцам, дзе праявілася хвала Божая”.

“Дарагія браты і сёстры, - звярнуўся да сабраных Папа - чытаючы гэта апавяданне, кожны з нас пакліканы зразумець, што звяртаючыся з просьбамі да Бога, мы не павінны чакаць хуткага і дакладнага спаўнення нашай волі, але давяраць волі Айца, праз бачанне кожнага здарэння ў перспектыве Яго хвалы, яго плана любові, часта таямнічага для нашых вачэй”.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што давер да любові Бога, якая нас заўсёды суправаджае, з’яўляецца адным з фундаментаў нашых адносін з ім. Да такой любові, на думку Святога Айца, нас заклікае Хрыстус. “Сваёй малітвай Езус хоча прывесці нас да веры, да поўнага даверу Богу і яго волі, хоча паказаць, што гэты Бог так моцна любіць чалавека і свет, што паслаў свайго Адзінароднага Сына. Ён – Бог жыцця, Бог, які нясе надзею і здольны вырашаць сітуацыі немагчымыя для вырашэння чалавекам”, - сказаў Папа і дадаў, што “даверлівая малітва верніка з’яўляецца жывым сведчаннем прысутнасці Бога ў свеце, яго зацікаўленасці чалавекам і дзейнасці накіраванай на рэалізацыю яго збаўлення”.

Святы Айцец адзначыў, што любоў да Бога і любоў да бліжняга таксама павінны увайсці ў нашу малітву. “Адносіны з чалавекам вядуць нас да адносін з Богам, а адносіны з Богам вяртаюць нас да бліжняга”, - сказаў Папа.
Пантыфік заклікаў вернікаў шмат маліцца, каб умацоўваць свае асабістыя адносіны з Панам, адкрыць свае сэрцы на патрэбы бліжніх і зразумець прыгажосць быцця “сынамі Сына”, разам з іншымі братамі.

Пасля катэхезы Бэнэдыкт XVI прывітаў прысутных, а таксама падзякаваў спонсарам і майстрам, якія прычыніліся да рэстаўрацыі скульптурнай выявы “Уваскрасенне”, што знаходзіцца ў ватыканскай Залі Паўла VI.








All the contents on this site are copyrighted ©.