2011-12-13 16:00:28

“Homo caritatis”. Праблема духоўных сродкаў у варварскім грамадстве


RealAudioMP3 Мы працягваем знаёміцца з этыка-палітычнай філасофіяй Жака Марытэна, хрысціянскага філосафа, думкі якога паўплывалі на ўсё каталіцкае навучанне, у тым ліку і сацыяльнае. Нагадаю, што нашы разважанні грунтуюцца на найбольш сістэматызаванай працы Марытэна, якая называецца “Чалавек і дзяржава”. У мінулай праграме мы пачалі размову аб духоўных сродках палітычнай барацьбы. Нагадаю, што Марытэн ставіць за прыклад эфектыўнай барацьбы народа з дамінаваннем і злоўжываннямі з боку дзяржавы “Сацьяграху” – прынцып мірнай барацьбы Гандзі. Тлумачачы навучанне Гандзі праз прызму філасофіі св. Тамаша з Аквіну Марытэн кажа, што мацнейшай зброяй з’ўяляецца не нападзенне, але цнатлівая мужнасць – мужнасць у пакутах і цярпенні.

Прырода таталітарнай дзяржавы

У нашай сённяшняй праграме мы пагаворым аб праблеме сродкаў палітычнага жыцця ў рэгрэсіўным ці варварскім грамадстве. Пад такім грамадствам Марытэн разумеў жыццёвы ўклад у таталітарных краінах. Ён адзначае, што таталітарная дзяржава па сваёй прыродзе падаўляе любыя сродкі, з дапамогай якіх народ мог бы кантраляваць ці назіраць за ёй. У такой сітуацыі ён пазбаўлены якіх-небудзь законных ці інстытуцыйных сродкаў рэальнага кантроля над дзяржавай; таталітарная дзяржава з’яўляецца патэрналісцкай; з яе пункту гледжання народ – гэта дзеці, якія не ведаюць, што для іх добра, і таму толькі дзяржава абавязана зрабіць іх шчаслівымі.

Праблема абцяжарваецца тым, што ўсе сродкі адукацыі ці ўплыву на грамадскую думку ў таталітарнай дзяржаве, знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Што тычыцца сродкаў духоўнай барацьбы – то іх можна знішыць разам з тымі, хто можа імі карыстацца. На самой справе, поспех Гандзі быў магчымы толькі ва ўмовах адноснай свабоды, якую падараваў жыхарам калоніі англійскі ўрад, а таксама дзякуючы старой ліберальнай арыстакратычнай традыцыі і памылковай, цынічнай веры ў тое, што Гандзі можна было маніпуліраваць. Такім чынам, тое, да чаго вядзе ўнутраная логіка таталітарнай дзяржавы – гэта не рэвалюцыя, якая напрыканцы дасць народу кантроль, але поўны распад, выкліканы паступовым разбэшчваннем сумленняў людзей у такой дзяржаве.

Канцэнтрацыйны сусвет

Каб больш дакладна зразумець, аб чым ідзе гаворка, Марытэн прыводзіць прыклад з жыцця ў канцэнтрацыйным лагеры – таго, што было названа канцэнтрацыйны сусвет. Напрыклад, Бухенвальд быў не толькі месцам дзе забівалі людзей, але і грамадствам, дакладней жахам грамадства, дзе заваяванне ўлады было пытаннем жыцця і смерці, як гэта паказала барацьба паміж зялёнымі і чырвонымі, гэта значыць, паміж крымінальнымі злачынцамі і палітычнымі вязнямі.

Сумленны чалавек, які жыў у такіх умовах павінен быў выбраць для сябе адну з супрацьлеглых пазіцый: ён мог адмовіцца ад удзелу ў дзейнасці, якая была несумяшчальна з маральнымі прынцыпамі: гэта шпіянаж, падман, здрадзніцтва, супрацоўніцтва з прыгнятальнікамі і катамі, не гаворачы ўжо аб здзеках над суседзямі-вязнямі ці забойствах. А мог і наадварот – пакінуць у баку маральны закон і выкарыстоўваць нячыстыя сродкі , каб знішчыць найгоршых з палачоў і, такім чынам, выратаваць некаторых з вязняў і зрабіць нешта для падрыхтоўкі мяцяжа.

Першая пазіцыя прадугледжвае, што чалавек выбірае евангельскую практыку самаачышчэння, самаахвяравання і братэрскай любові. Такая пазіцыя апраўдана з улікам пэўных абставінаў ці асаблівага паклікання некаторых людзей. Іншая пазіцыя, прадугледжвае тое, што мэта апраўдвае сродкі і Бога зусім не існуе. Вось так апісаў свой вопыт прыбывання ў канцэнтрацыйным лагеры французскі пісьменнік Давід Руссэ: “У цябе не можа быць маральных прынцыпаў, якія граюць ролю суддзі, што аддзяляе адзін ад аднаго дрэнныя і добрыя сродкі, калі ты разглядаеш гэтыя прынцыпы па-за іх гістарычнай і сацыяльнай адноснасцю”. Іншымі словамі, пісьменнік лічыў, што нельга шукаць фундамент сваіх прынцыпаў у тым, што стаіць па-за чалавечай прыродай, гэта значыць у Богу, але заўсёды дзейнічаць “па-сітуацыі”. Такім чынам, таму, хто прымае такую пазіцыю, нічога не застаецца, як самаму разбэсціцца, праз поўную адаптацыю да разбэшчанага асяроддзя.

Ітак. Што мы бачым? Першая пазіцыя неразумна ў якасці нормы, а другая памылковая сама па сабе. Дзе ў такім выпадку адказ? Гэты адказ ставіць нас перад абліччам самай цяжкай праблемы ў маральным жыцці і той сумнай заканамернасцю, згодна з якой ужыванне маральных нормаў, прымае ўсё больш нізкія формы ў сувязі з дэградацыяй сацыяльнага асяроддзя. Гэта значыць, маральныя прынцыпы, хоць і з’яўляюцца незменнымі, але ў жыцці грамадства набываюць абмежаванае, больш нізкае значэнне.








All the contents on this site are copyrighted ©.