2011-12-13 09:55:38

Бэнэдыкт XVI наведае Мексіку і Кубу


RealAudioMP3 Вечарам 12 снежня, ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай, Бэнэдыкт XVI узначаліў св. Імшу, якая прайшла ў Ватыканскай базыліцы з нагоды 200-годдзя незалежнасці краін Лацінскай Амерыкі. Падчас яе Святы Айцец заклікаў спрыяць барацьбе з беднасцю, несправядлівасцю, насіллем і злачыннасцю. Акрамя таго, Папа абвясціў аб сваім намеры здзейсніць апостальскае падарожжа ў Мексіку і на Кубу “да Вялікадня 2012 г.” Сваю гамілію падчас літургіі Пантыфік прамаўляў на трох мовах: іспанскай, партугальскай і італьянскай. Папа падкрэсліў, што, хоць народы Лацінскай Амерыкі адзначаюць толькі 200-годдзе незалежнасці, аднак сёння відавочна іх вядучая роля ў свеце. “У такім кантэксце важна, каб народы захоўвалі свой багаты скарб веры і гістарычна-культурны дынамізм, заўсёды былі абаронцамі чалавечага жыцця, ад пачатку да натуральнай смерці і спрыялі міру; баранілі сям’ю і яе сапраўдную прыроду і місію”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што такім чынам яны пакліканы спрыяць большай колькасці ініцыятыў на карысць прымірэння і братэрства, дзеля ўмацавання салідарнасці і клопату аб навакольным асяроддзі, прыкладаючы намаганні ў сферы барацьбы з беднасцю, неадукаванасцю, карупцыяй, насіллем, злачыннасцю, няўпэўненасцю, гандлем наркотыкамі і вымагальніцтвам.

Бэнэдыкт XVI паведаміў, што для таго, каб падтрымаць народы Лацінскай Амерыкі ў гэтай дзейнасці і натхніць хрысціян да таго, каб іх вера глыбей укаранялася ў сэрцах, ён здзейсніць апостальскі візіт у Мексіку і на Кубу. Дакладную дату падарожжа Пантыфік не назваў, але адзначыў, што яно адбудзецца да Вялікадня 2012 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.