2011-12-12 12:29:35

Бэнэдыкт XVI скіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю кардынала Фолі


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI скіраваў спачувальную тэлеграму на імя арцыбіскупа Філадэльфійскага Чарльза Чапута ў сувязі са смерцю кардынала Джона Патрыка Фолі. Пантыфік адзначыў, што “з вялікім пачуццём удзячнасці ўспамінае аб тым укладзе, які зрабіў памерлы іерарх у дзейнасць Апостальскай Сталіцы працуючы ў якасці старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, а таксама ад імя хрысціянскіх супольнасцяў у Святой Зямлі”. Папа падкрэсліў, што “моліцца аб тым, каб прыклад працы кардынала Фолі ў сферы СМІ быў натхненнем для іншых, каб адкрыць важнасць сродкаў масавай камунікацыі ў абвяшчэнні Евангелля і новай евангелізацыі”.

Кардынал Джон Патрык Фолі памёр 11 снежня ў амерыканскай Філадэльфіі. Будучы іерарх атрымаў святарскае пасвячэнне 19 мая 1962 г. у катэдральным касцёле ў Філадэльфіі, закончыў доктарантуру ў Папскім універсітэце св. Тамаша з Аквіну ў Рыме і на працягу доўгага часу працаваў журналістам, членам і віцэ-старшынём Каталіцкай асацыяцыі працаўнікоў прэсы ЗША і Канады, а таксама прэс-сакратаром Канферэнцыі Біскупаў ЗША.

У 1984 г. Ян Павел ІІ прызначыў, яго старшынём Папскай камісіі па сродках масавай камунікацыі, якая праз некалькі год была пераўтворана ў Папскую раду. У гэтым жа годзе кс. Фолі прыняў біскупскае пасвячэнне і стаў арцыбіскупам. Акрамя таго, што іерарх узначальваў ватыканскую дыкастэрыю, ён працаваў у якасці кіраўніка адміністратыўнай рады Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра і кіраўніком Ватыканскай фільматэкі.

Кардынал Фолі актыўна падтрымліваў развіццё каталіцкіх СМІ ў краінах былога СССР, дапамагаў расійскай газеце “Свет Еванглелия”, удзельнічаў у шматлікіх канферэнцыях і сустрэчах па праблемах рэлігіі і СМІ.

24 лістапада 2007 г. Бэнэдыкт XVI надаў іерарху кардынальскую годнасць і прызначыў яго Вялікім магістрам Ордэна рыцараў Святога Гроба Ерузалімскага.

Пасля смерці амерыканскага іерарха ў Калегіі кардыналаў засталося 192 члены, з іх 109 маюць менш 80 гадоў і таму маюць права удзельнічаць у канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.