2011-12-10 11:54:18

“Octava Dies”. Быць побач з мігрантамі


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, дырэктар Ватыканскага радыё і кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы ў сваёй штотыднёвай рубрыцы “Octava Dies” адзначыў, што паводле падліку навукоўцаў, колькасць мігрантаў у свеце на працягу ХХІ ст. павялічыцца яшчэ на 200 мнл. чалавек. Каментуючы прыняцце Апостальскай Сталіцы ў Міжнародную арганізацыю па міграцыі, якое адбылося 5 снежня 2011 г. кс. Ламбардзі адзначыў, што “эканамічны крызіс не памяньшае праблему міграцыі, але робіць яе больш цяжкай з розных пунктаў гледжання.

“Таму мы працягваем назіраць вялікія плыні мужчын і жынчын, якія пакідаюць свае краіны, і нават рызыкуючы жыццём перасякаюць Міжземнае ці Чырвонае мора, Сінайскую пустыню ці Арызону, прымушаныя да гэтага беднасцю, прыроднымі катастрофамі і пераследам”.

“Якім чынам можна іх абараніць, даць магчымасць стабільнага і годнага жыцця, каб іх не ўспрымалі, як небяспеку, але як праваднікоў і будаўнікоў мастоў у працэссе перамешвання чалавецтва?”, - задаецца пытаннем дырэктар Ватыканскага радыё.

“Святы Пасад актыўна дзейнічае ў гэтай сферы. Яшчэ Пій ХІІ пажадаў стварыць спецыяльную Раду пры Рымскай курыі, якая б пачала займацца гэтымі праблемамі, а затым Павел VI умацаваў яе”,- нагадаў ксёндз Ламбардзі. Сёння Апостальская сталіца паклікана быць не толькі назіральнікам, але членам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі з поўняй паўнамоцтваў, менавіта для таго, каб умацаваць сваю дзейнасць і салідарны ўдзел з супольнасцю народаў”.

“Святы Пасад з’яўляецца рэхам абароны правоў чалавека на падставе абсалютнай упэўненасці аб годнасці кожнай чалавечай асобы, а таксама рэхам вопыту шматлікіх каталіцкіх арганізацый, якія працуюць на гэтай ніве на кожным кантыненце, рэальна дапамагаючы і напаўняючы зместам і даверам свае словы і прапановы. Разам з мігрантамі, бежанцамі, даючы ім магчымасць жыць і ўзрастаць, мы павінны будаваць нашу супольную будучыню”, - адзначыў дырэктар Ватыканскага радыё.








All the contents on this site are copyrighted ©.