2011-12-10 13:09:01

Бэнэдыкт XVI: каталіцкія кааператывы – прылады евангелізацыі грамадства


RealAudioMP3 10 снежня Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў Канфедэрацыі Італьянскіх кааператываў і Італьянскай федэрацыі банкаўскіх кааператываў. У сваёй прамове Святы Айцец адзначыў, што аб важнасці кааперацыі казаў яшчэ папа Леў XIII у сваёй энцыкліцы “Rerum novarum”, 120-годдзе якой адзначаецца ў гэтым годзе. “Яна паспрыяла моцнай прысутнасці католікаў у італьянскім грамадстве, праз распаўсюджванне кааператываў, развіццё грамадскіх устаноў і многіх іншых ініцыятыў агульнага значэння, якія характарызаваліся самакіраваннем. Гэта дзейнасць была заўсёды скіравана на матэрыяльную падтрымку насельніцтва, увагу да сем’яў і натхнялася навучаннем Касцёла”, - сказаў Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што “да кааперацыі людзей натхняла перш за ўсё жаданне жыцця ў адзінстве і салідарнасці, што вяло да пераўзыходжання эканамічных цяжкасцяў і сацыяльных канфліктаў паміж рознымі групамі”. “Менавіта, дзейнасць скіраваная на гармонію паміж індывідуальным і камунітарным вымярэннямі, з’яўляецца кропкай апоры кааперацыі”, - сказаў Папа. Пантыфік нагадаў, што “справядлівы намер, яснасць i пошук добрых вынікаў спалучаны паміж сабой i іх ніколі нельга раздзяляць”.

Папа таксама звярнуў увагу на тое, што дзейнасць каталіцкіх кааператываў нясе ў сабе евангельскія ідэалы і можа стаць прыладай евангелізацыі ў грамадстве. Ён заклікаў прадстаўнікоў банкаўскіх кааператываў спрыяць таму, каб рынкавая эканоміка не была пазбаўлена салідарнасці, клапаціцца аб культуры жыцця і сем’ях, якія могуць разлічваць на годную і паважаную працу, цаніць кожнага чалавека, незалежна ад яго расы, мовы ці веравызнання і быць уважлівымі да яго рэальных патрэб. Папа заклікаў быць вернымі Евангеллю і навучанню Касцёла аб эканоміке натхнёнай прынцыпам братэрства, у чым заключаецца ідэнтычнасць каталіцкіх кааператываў.

Канфедэрацыя італьянскіх кааператываў і Італьянская федэрацыя банкаўскіх кааператываў былі створаны на пачатку ХХ ст. на прынцыпах Міжнароднага кааператыўнага адзінства і сацыяльнага навучання Касцёла. Сёння гэтыя аб’яднанні ахопліваюць кааператывы і 415 банкаў на ўсёй тэрыторыі Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.