2011-12-09 11:54:24

Бэнэдыкт XVI прысутнічаў на другім адвэнтавым казанні айца Канталамесы


RealAudioMP3 9 снежня Бэнэдыкт XVI разам з іншымі супрацоўнікамі Рымскай курыі прысутнічаў на другім адвэнтавым казанні айца Раньеро Канталамесы, прапаведніка Папскага Дома. Разважанні італьянскага капуцына былі сканцэнтраваны вакол тэмы: “Няма больш ні грэка ні юдэя, ні варвара ні скіфа. Другая хваля евангелізацыі”. Ён падкрэсліў, што па просьбе Святога Айца, у сувязі з падрыхтоўкай да Сінода Біскупаў па новай евангелізацыі, яго адвэнтавыя разважанні будуць прысвечаны чатыром хвалям евангелізацыі ў гісторыі Касцёла.

У сваім сённяшнім казанні айцец Канталамеса разважаў над распаўсюджваннем Евангелля пасля ўпадку Рымскай Імперыі і нападу на яе з боку варварскіх народаў. “Касцёл тады стаў перад выбарам: якую пазіцыю заняць у новай сітуацыі? Вырашальную ролю ў прапаведванні хрысціянскай веры ў новай рэчаіснасці ўзяў на сябе папа Леў Вялікі, які ясна ўсведамляў, што хрысціянскі Рым перажыве язычніцкі”, - падкрэсліў прапаведнік Папскага дома. Ён адзначыў, што Касцёл быў вымушаны весці ў той час дзве бітвы. Першай было змаганне супраць арыянаў, якія прыбылі перш за ўсё ў заходнюю частку Рымскай імперыі. Другой бітвай, у якую ўключыўся Касцёл, стала евангелізацыя язычнікаў. Айцец Канталамеса адзначыў, што яна прывяла да стварэння парафіяльнай сістэмы ў дыяцэзіях, што паспрыяла лепшаму абвяшчанню Евангелля варварскім народам, якія размесціліся ў сённяшняй Вялікабрытаніі, Галандыі, Францыі, Германіі і паўночнай Італіі.

“Працэс хрысціянізацыі еўрапейскага кантынента быў закончаны ў ІХ стагогоддзі, дзякуючы місіянерскай дзейнасці святых Кірыла і Мятода”, - адзначыў італьянскі капуцын. На думку Прапаведніка Папскага дома, галоўнымі героямі новай евангелізацыі, пачынаючы з ІV стагоддзя былі манаскія ордэны. “З V па VІІІ стагоддзі Еўропа літаральна была пакрыта кляштарамі, многія з якіх адыгралі важную ролю не тольлкі ў прапаведванні хрысціянскай веры, але і фарміраванні еўрапейскай культуры, мастацтва і развіцця сельскай гаспадаркі”, - нагадаў айцец Канталамеса.

Італьянскі капуцын адзначыў, што існуе падабенства паміж сённяшняй сітуацыяй у Еўропе і перыядам пасля ўпадаку Рымскай імперыі. Навучанне Касцёла – адкрытае для новых народаў, якія прыбываюць у Еўропу. “Сёння сюды не прыбываюць язычніцкія народы і хрысціянскія ерэтыкі, але людзі, якія належаць да розных рэлігій. З імі трэба весці дыялог, які не супярэчыць евангелізацыі, але вызначае яе стыль”, - падкрэсліў айцец Канталамеса ў сваім другім адвэнтавым казанні.







All the contents on this site are copyrighted ©.