2011-12-08 14:13:52

Парламент Англіі ставіць пад пытанне ролю каралевы як кіраўніка Царквы


RealAudioMP3 Парламенцкі камітэт у Вялікабрытаніі паставіў пад пытанне ролю каралевы як кіраўніка Англіканскай Царквы. Гэта адбылося на фоне дыскусіі аб магчымасці наследавання трона ў Англіі католікам. Такі сцэнарый нараджае пытанне, “ці ёсць па-ранейшаму неабходнасць патрабаваць ад манарха быць у зносінах з Англіканскай Царквой”, цытуе газета “Дэйлі тэлеграф” даклад камітэта. Паводле закона, наследнік трону павінен з’яўляцца членам Англіканскай Царквы, каб кіраваць ёй і спрыяць пашырэнню англіканскай веры ў Вялікабрытаніі. “Відавочныя цяжкасці” з патэнцыяльным манархам каталіцкага веравызнання заключаюцца ў тым, што ён быў бы змушаны ўзяць на сябе ролю кіраўніка Англіканскай Царквы, адзначае Камітэт па палітычнай і канстытуцыйнай рэформе. Таму, паводле яго членаў, парламент павінен пераасэнсаваць адносіны паміж манархам і Англіканскай Царквой.

Прэс-сакратар Англіканскай Царквы, заявіў газеце, што кіраўнік Царквы абавязкова павінен знаходзіцца ў зносінах з ёй і клапаціцца аб ёй. У сваю чаргу, Роберт Морыс, канстытуцыйны эксперт з універсітэцкага коледжа ў Лондане, сказаў, што роля главы з’яўляецца па сутнасці цырыманіяльнай.

У канцы кастрычніка ў Англіі быў адменены закон, які вызначаў, што шлюб наследніка трона з католікам быў крытэрыем выключэння яго з наследавання. Таксама быў ухілены пункт аб тым, што дочкі кіруючага манарха становяцца наследніцамі толькі ў выпадку адсутнасці спадчынніка мужчынскага полу.

Так званы “Закон аб урэгуляванні”, які дзейнічае да сённяшняга дня, прадугледжвае, што прэтэндэнт на трон губляе сваё права на карону, калі ён знаходзіцца ў зносінах з Касцёлам Рыма, вызнае папскую рэлігію або заключае сужэнства з вызнаўца каталіцызму.







All the contents on this site are copyrighted ©.