2011-12-08 13:54:21

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: нам, як і Панне Марыі, дадзена “поўня ласкі” (поўны тэкст)


RealAudioMP3 8 снежня, сваю прамову перад малітвай “Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI прысвяціў разважанню над таямніцай Беззаганнага Зачацця Нацсвяцейшай Панны Марыі і заклікаў вернікаў быць годнымі насіць імя дзяцей Божых, якое мы атрымліваем падчас хросту. “Сёння Касцёл адзначае Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. - сказаў Папа - Як абвясціў бл. Пій ІХ у сваім Апостальскім пасланні “Ineffabilis Deus” у 1854 г. яна “па асаблівай ласцы і прывілегіі Усемагутнага Бога, у святле будучых заслуг Езуса Хрыста, Збаўцы роду чалавечага, была захавана і пазбаўлена плямы першароднага граху”. Гэта праўда веры змяшчаецца ў словах арханёла Габрыэля: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою” (Лк 1, 28). Выраз “поўная ласкі” указвае на цудоўную ініцыятыву Божай любові, які пажадаў зноў даць жыццё і свабоду, пазбаўленыя граху, праз Свайго Адзінароднага Сына, уцелаўлёнага, памёршага і ўваскросшага. Таму, ад ІІ стагодзя на Усходзе і Захадзе ўшаноўваюць Панну, якая сваім “так” наблізіла неба да зямлі і стала “той, якая нарадзіла Бога і стала патоляй нашага жыцця”, як казаў св. Раман з Мелода ў адным старажытным спеве (Canticum XXV in Nativitatem B. Mariae Virginis, in J.B.PITRA, Analecta Sacra t. I, Parigi 1876, 198).

У VII ст. св. Сафроній Іерусалімскі так праслаўляў веліч Марыі бо, у ёй пасяліўся Святы Дух: “Ты пераўзыйдзеш усе дары, якія веліч Бога захавала для чалавека. Больш чым усе ты багатая Богам” (Otratio II, 25 in SS. Deiparae Annuntiationem: PG 97, 3, 3248 AB). Таксама і св. Беда Вялебны казаў: “Марыя благаслаўлёная паміж жанчынамі, бо дзякуючы сваёй чысціні атрымала ласку нарадзіць сына, які з’ўляецца Богам” (Hom I, 3: CCL 122, 16).

Таксама і нам дадзена “поўня ласкі”, якой неабходна дапамагчы заззяць у нашым жыцці, бо як казаў апостал Павел: “Айцец Пана нашага Езуса Хрыста благаслаўляе нас кожным духоўным благаслаўленнем (...) і выбраў нас перш чым стварыў свет для таго, каб мы былі святымі і беззаганнымі (...) і прызначыў нас на ўсынаўленне Сабе” (Эф 1,3-5).

Гэта сыноўства мы атрымліваем праз Касцёл у дзень хросту. З гэтай нагоды св. Хільдэгарда з Бінген пісала: “Касцёл, з’яўляецца Паннай і Маці ўсіх хрысціян. Праз таямнічую моц Святога Духа, ён іх нараджае, дае свету і ахвяруе Богу так, што і яны называюцца дзецьмі Божымі” (Scivias, visio III, 12: CCL Continuatio Madiaevalis XLIII, 1978, 142). Сярод шматлікіх святых, якія праслаўлялі духоўную прыгажосць Маці Божай вылучаецца таксама св. Бернард з К’яравалле, які казаў, што заклік “Вітай Марыя, поўная ласкі” “блізкі Богу, анёлам і людзям. Людзям, дзякуючы мацярынству, анёлам, дзякуючы чысціні, а Богу, дзякуючы пакоры” (Sermo XLVII, De Annuntiatione Dominica: SBO VI, 1, Roma 1970, 266).

Дарагія сябры, у чаканні ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі на Іспанскай плошчы, якое адбудзецца сёння, скіруем нашы гарачыя малітвы да той, якая просіць за нас Бога, каб Ён дапамог з верай адзначыць надыходзячае Божае Нараджэнне".

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец прывітаў членаў Папскай Акадэміі, якая носіць тытул Беззаганнай Панны, і італьянскай асацыяцыі “Каталіцкая акцыя”, якая ў гэты дзень аднаўляе сваё прысвячэнне Панне Марыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.