2011-12-08 12:47:20

Бэнэдыкт XVI надаў “Kirche in Not” статус папскага фонда


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI надаў вядомай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Kirche in Not” (Дапамога Касцёлу ў патрэбе) статус папскага фонда. Яе штаб-кватэрай стаў Ватыкан. Прававы акт, які вызначае статус арганізацыі, замацаваны ўласнаручным подпісам Папы. Старшынёй фонду Святы Айцец прызначыў прэфекта Кангрэгацыі па справах духавенства кардынала Маўра П’ячэнцу, які, са свайго боку, 1 снежня 2011 г., прызначыў выканаўчым дырэктарам “Kirche in Not” Ёханэса Хеермана фон Цуйдвіка, які апошнія 30 гадоў быў генеральным сакратаром, а затым выканаўчым дырэктарам Мальтыйскай медыцынскай службы ў Германіі. Духоўным асістэнтам арганізацыі стаў а. Марцін Барта з асацыяцыі “Ініцыятыва Езуса Найвышэйшага Святара”. Галоўнае бюро “Kirche in Not” будзе па ранейшаму знаходзіцца ў горадзе Кёнігштайн у Германіі.

Фонд быў заснаваны ў 1947 г. галандскім айцом нарбертынцам Венэфрыдам фон Штратэнам. Арганізацыя дзейнічала спачатку ў Заходняй Еўропе, у першую чаргу Германіі, дапамагаючы ў аднаўленні краіны, разбуранай вайной, але неўзабаве пачала пашыраць сферу сваёй дзейнасці на суседнія краіны.

Сёння арганізацыя налічвае ва ўсім свеце больш за 600 тыс. сяброў і мецэнатаў, якія кожны год у 140 краінах падтрымліваюць каля 5 тыс. праектаў. У 2010 г. для іх рэалізацыі было сабрана амаль 87 млн. еўра. Працуе 17 нацыянальных офісаў у Еўропе, Лацінскай і Паўночнай Амерыках, а таксама ў Аўстраліі.

У прававым акце Святы Айцец падкрэсліў важнасць працы фонду для Касцёла. “Папскі фонд “Kirche in Not” нясе дапамагогу ў духу дзейснай любові да бліжняга, усюды, дзе Касцёл пераследуюць і атакуюць. Як душпастырская ініцыятыва, якая выступае ад імя Касцёла, фонд імкнецца да паглыблення і ўмацавання каталіцкай веры і маралі”, - адзначаецца ў папскім дакуменце.







All the contents on this site are copyrighted ©.