2011-12-08 17:02:18

Бэнэдыкт XVI на Іспанскай плошчы: Панна Марыя, як і Касцёл, нясе Езуса свету


RealAudioMP3 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI здзейсніў традыцыйны візіт да скульптуры Найсвяцейшай Панны Марыі, якая знаходзіцца на Іспанскай плошчы ў Рыме. Па дарозе картэж Святога Айца спыніўся перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы, дзе Пантыфіка прывіталі члены італьянскай Асацыяцыі прадпрымальнікаў. Папа прыбыў на плошчу каля 16.00 гадзіны. Тут сабраліся прадстаўнікі мясцовых уладаў і групы вернікаў са школ, парафій, касцёльных асацыяцый і гарадскіх прадпрыемстваў.

Пасля прачытання ўрыўка з Адкрыцця св. Яна, Папа усклаў вянок з кветак да скульптуры Найсвяцейшай Панны Марыі і звярнуўся да прысутных з прамовай. У ёй Святы Айцец паразважаў над апісаннем Марыі як жанчыны апранутай у сонца, з месяцам пад нагамі і ў кароне з дванаццаці зорак на галаве. Папа патлумачыў, што Марыя прадстаўлена як Маці Бога і Касцёла: апранутая ў сонца – азначае, што яна апранута ў Бога, які ёсць святлом; пад нагамі мае месяц – сімвал смерці і смяротнасці, якія перамагла; дванаццаць зорак на кароне Марыі, азначаюць дванаццаць плямён Ізраіля і цэнтральнае месца Марыі сярод народа Божага, усёй супольнасці святых. Паводле Папы, Марыя прадстаўляе хрысціянскую супольнасць усіх часоў. “Яна цяжарная ў тым сэнсе, што носіць у сваім улонні Хрыста, якога дасць свету: гэта місія Касцёла, які пілігрымуе па зямлі праз Божае суцяшэнне і пераслед з боку свету ў нясенні Езуса людзям”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік адзначыў, што перад абліччам атак з боку “чырвонага дракона”, апісанага ў Апакаліпсісе св. Яна, Касцёл, як і Марыя, падтрымліваецца моцай Бога, праз Яго Слова і Эўхарыстыю. “Таму негледзячы на шматлікія нападкі і выпрабаванні, Касцёл, які церпіць пераслед, застаецца пераможцам. У гэтым сэнсе хрысціянская супольнасць з’яўляецца прысутнасцю і гарантыяй Божай любові, супраць усіх ненавісніцкіх і эгаістычных ідэалогій”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што адзінае, чаго павінен баяцца Касцёл – гэта грахоў сваіх членаў, таму неабходна заўсёды ўглядацца ў прыклад Маці нябеснай і прасіць у яе дапамогі. “У ёй мы маем патрэбу, асабліва ў такі цяжкі час для Італіі, Еўропы і ўсяго свету”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.