2011-12-07 13:11:54

Святы Пасад прымае ўдзел у пасяджэнні АБСЕ ў Вільнюсе


RealAudioMP3 6-7 снежня ў Вільнюсе праходзіць сустрэча Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), у якой прымаюць удзел міністры замежных спраў 56 краін, у тым ліку Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан. Ватыканскую дэлегацыю на форуме ўзначальвае арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, Сакратар па адносінах з дзяржавамі. У сваім выступленні ён нагадаў аб дыялогу культуры і міру, які існуе ў краінах-членах АБСЕ. Арцыбіскуп Мамбэрці высока ацаніў поспехі, асягнутыя ў 2011 г. у барацьбе супраць тэрарызма і арганізаванай злачыннасці а таксама з гандлем наркотыкамі. “Праблема міграцыі ў эканамічным і экалагічным вымярэнні займае цэнтральнае месца ў навучанні Апостальскай Сталіцы.”, - сказаў ватыканскі дыпламат. Ён адзначыў, што калі мігранты свядомыя сваіх правоў, могуць адчуваць сябе больш бяспечна ў сваім служэнні, а супольнасць, якая іх прымае, паважае іх правы, яны разам могуць будаваць сумесную будучыню.

Арцыбіскуп звярнуў увагу на абарону асноўных правоў чалавека, асабліва рэлігійнай свабоды. “Права да рэлігійнай свабоды, аб якім заўсёды нагадвае міжнародная супольнасць і якое ўпісана ў канстытуцыі большасці краін свету, сёння ўсё яшчэ парушаецца”, - сказаў ватыканскі дыпламат. Ён нагадаў пасланне Папы на Сусветны Дзень Міру у 2011 г., дзе Святы Айцец адзначыў, што “сёння хрысціяне з’яўляюцца рэлігійнай групай, якая падвяргаецца найбольшаму пераследу па прычыне сваёй веры. Многія хрысціяне штодзённа церпяць знявагу і часта жывуць у страху з-за таго, што шукаюць праўды і вераць ў Езуса Хрыста”. Арцыбіскуп Мамбэрці паведаміў, што сёння ў свеце больш за 200 млн. хрысціян розных дэнамінацый падвяргаюцца дыскрымінацыі. “Устанаўленне Міжнароднага Дня супраць пераследу і дыскрымінацыі хрысціян было б важным знакам таго, што ўрады краін АБСЕ імкнуцца змагацца з гэтай сур’ёзнай праблемай”, - сказаў арцыбіскуп Мамбэрці.

На заканчэнне сваёй прамовы ватыканскі дыпламат закрануў праблему гандлю людзьмі, з мэтай не толькі сексуальнага выкарыстання, але таксама прымушання да нявольніцкай працы. “Каб супрацьстаяць гэтаму бедству неабходна аб’яднаць сілы ў гэтай барацьбе, пакараць гандляроў, бароцца з карупцыяй і весць правільную адукацыю ў школах аб узаемаадносінах паміж мужчынам і жанчынай. У гэтым працэсе важную ролю адыгрываюць СМІ, якія павінны інфармаваць аб шкодах, да якіх вядзе гандаль людзьмі”, - сказаў арцыбіскуп Мамбэрці.








All the contents on this site are copyrighted ©.