2011-12-07 14:15:59

Праваслаўны епіскап і равін падпісалі сумесную дэкларацыю


RealAudioMP3 Аб неабходнасці адмовіцца ад праяваў узаемнай непавагі ў адносінах паміж хрысціянскімі і яўрэйскімі супольнасцямі заявілі кіраўнік Кіпрскай Праваслаўнай Царквы архіепіскап Хрызастом II і Галоўны рабін Ізраіля Ёна Метцгер. Яны падпісалі ў Нікасіі сумесную дэкларацыю, задача якой, па словах кіпрскага іерарха, “пакласці канец варожасці і падазронасці, якія атручваюць сувязі паміж двума народамі”. Дакумент быў прыняты ва ўмовах, калі адносіны паміж Кіпрам і Ізраілем перажываюць уздым. У мінулым годзе краіны падпісалі пагадненне аб размежаванні марскога шэльфа, што дазволіла Нікасіі пачаць работы па разведцы вуглевадародаў у сваёй эканамічнай зоне. У гэтым годзе прэзідэнты дзвюх краін абмяняліся дзяржаўнымі візітамі.

Прадстаяцель Кіпрскай Царквы і Галоўны рабін Ізраіля таксама пацвердзілі, што абодва рэлігійныя вучэнні аднолькава з павагай ставяцца да права на жыццё і чалавечай годнасці. “Мы асуджаем любыя акты, якія апаганьваюць гэтыя святыні, у першую чаргу, насілле і тэрор у адносінах да нявінных і, асаблівым чынам, калі гэта здзяйсняецца ў імя Бога і рэлігіі”.

Хрызастом II і Ёна Метцгер узялі на сябе абавязацельства “разам працаваць на карысць міру і паяднання паміж народамі і заклікалі ўсіх рэлігійных лідэраў і людзей добрай волі далучыцца да іх намаганняў”.







All the contents on this site are copyrighted ©.