2011-12-07 11:23:04

Егіпет: кардынал не аптымістычна пра палітычную будучыню Егіпта


RealAudioMP3 Егіпет пасля выбараў і пасля працэсу канстытуцыйнага развіцця, хутчэй за ўсё, на працягу некаторага часу застанецца ісламісцкай дзяржавай, што не паспрыяе паляпшэнню сітуацыі хрысціян у краіне. Аб гэтым заявіў Патрыярх Антоніос Нагіб, Прадстаяцель Копцка-каталіцкай Царквы, на сустрэчы з журналітсамі 6 снежня. Ісламісты, хутчэй за ўсё, атрымаюць ад 75 да 80 працэнтаў галасоў, заявіў кардынал. Пры гэтым, ён выказаў надзею, што такі сцэнарый падзей стане толькі часовым.

На думку кардынала Нагіба, грамадскія арганізацыі і рэфарматарскія альянсы пацярпелі паражэнне ад братоў-мусульман і салафітаў, бо ім не хапіла часу на падрыхтоўку. Яны разлічвалі, што выбары пройдуць у чэрвені 2012 г., але ісламісты з дапамогай прэсінгу ініцыявалі іх нашмат раней.

Рызыка пагаршэння сітуацыі хрысціян застаецца рэальнай, падкрэсліў іерарх. “Але нават калі мы атрымаем ісламісцкі рэжым, гэта не знішчыць духа егіпецкай цывілізацыі”, - заявіў ён. Кардынал лічыць, што не можна гаварыць аб магчымым канцы хрысціянства ў Егіпце. Для будучыні важна, каб хрысціяне не ізалявалі сябе. “Усе хрысціянскія цэрквы заахвочваюць сваіх членаў да ўдзелу ў палітычным жыцці”.

Іншым важным аспектам з’яўляецца салідарнасць Паўсюднага Касцёла з Касцёлам у Егіпце, дзякуючы якой апошні ўдзельнічае ў шматлікіх сацыяльных ініцыятывах на карысць беднага насельніцтва – хрысціян і мусульман. Касцёл выхоўвае ў сваіх школах і ўніверсітэтах будучых лідэраў. На думку кардынала Нагіба, на гэтым этапе такая дзейнасць асабліва важная і плённая.







All the contents on this site are copyrighted ©.