2011-12-06 15:02:01

Ватыкан: каталіцка-джайнісцкая сустрэча


RealAudioMP3 6 снежня ў Ватыкане адбылася сустрэча паміж членамі Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу і дэлегацыяй вызнаўцаў джайнізма, у якой прынялі ўдзел старшыня ватыканскай дыкастэрыі Жан Луі Таран і Нэму Чандарыя, намеснік старшыні рады дырэктараў Інстытута Джайнізмалогіі. Сустрэча на такім узроўні паміж прадстаўнікамі двух веравызнанняў з’яўляецца другой у гісторыі. Першая адбылася ў лютым 1995 г. Акрамя таго, варта падкрэсліць, што прадстаўнікі джайнізма прымалі ўдзел у малітоўных сустрэчах за мір у свеце, якія праходзілі ў Асізі ў 1986, 2002 і 2011 гг. 13 лістапада 2011 г. па ініцыятыве Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу ў сталіцы Індыі Дэлі праходзіў семінар на тэму хрысціянска-джайнісцкага дыялогу.

“У выніку сённяшняй сустрэчы, члены дэлегацый, у атмасферы ўзаемнай павагі і сяброўства, выразілі задавальненне сардэчнымі адносінамі і супрацоўніцтвам, якія існуюць паміж хрысціянскімі і джайнісцкімі супольнасцямі ў краінах, дзе пражываюць прадстаўнікі гэтых веравызнанняў”, - адзначаецца ў спецыяльным дакуменце, апублікаваным сёння Заляй Друку Апостальскай Сталіцы.

Удзельнікі сустрэчы выказалі агульную зацікаўленасць у спрыянні супольнаму дабру грамадстваў, адукацыі моладзі згодна з уласнымі традыцыямі, лепшым узаемным знаёмстве, свабодзе, міру і сацыяльнай гармоніі.







All the contents on this site are copyrighted ©.