2011-12-06 10:52:47

Беларусь: Касцёл рыхтуецца да Божага Нараджэння


RealAudioMP3 Беларусь рыхтуецца да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Праваслаўныя вернікі працягваюць пост, а вернікі Каталіцкага Касцёла перажываюць Адвэнт – час радаснага чакання нараджэння Божага Сына. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі гэта таксама і час перадсвяточных мерапрыемстваў. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – гэта стала ўжо традыцыяй – праводзіць шэраг аплаткавых сустрэч з рознымі групамі вернікаў, - паведаміў адказны за СМІ пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Юрый Санько.

Паводле святара, усё распачнецца сустрэчай з моладдзю 10 снежня, на якой апрача Мітрапаліта будзе прысутнічаць Апостальскі нунцый. Ён узначаліць св. Імшу, а потым іерархі разам з моладзю складуць святочныя віншаванні. Па традыцыі такія сустрэчы адбудуцца з медыкамі, навукоўцамі, членамі рэлігійных рухаў. Арцыбіскуп Кандрусевіч наведае таксама цэнтр “Карытас”, сустрэнецца з дзецьмі, якія праходзяць там рэабілітацыю, і іх бацькамі. Адбудуцца візіты іерарха ў Рагачоў, Жлобін, Гомель, Баранавічы. Ён таксама сустрэнецца са святарамі і законнымі асобамі.

Галоўная Вігілійная св. Імша, 24 снежня, адбудзецца ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Адсюль у 21.45 пачнецца прамая тэлетрансляцыя на канале “Беларусь 1”. Святочныя літургіі апоўначы пачнуцца па ўсёй краіне. 25 снежня беларускія вернікі непасрэдна адчуюць сваё адзінства са Сталіцай св. Пятра – у тэлеэфіры з Ватыкана іх павіншуе на беларускай мове папа Бэнэдыкт XVI падчас святочнага “Urbi et Orbi”. У гэты ж дзень з экранаў тэлевізараў свае віншаванні скіруе таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у праграме “Слова пастыра”.
Cапраўды, здаецца, кожны год – і чаканне, і мітусня, і ёлкі. Усё аднолькава. Але чамусці заўсёды ў цэнтры застаецца і аказваецца такім непаўторным – Божае Нараджэнне.







All the contents on this site are copyrighted ©.