2011-12-05 15:06:57

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Розныя тыпы сучаснай рэлігійнасці


RealAudioMP3 У папярэдніх разважаннях мы шмат увагі ўдзялілі праблематыцы секулярызма, тэндэнцый да адсоўвання рэлігіі на ўзбочыну чалавечага жыцця. На канкрэтных прыкладах мы прасачалі, як паглыбленне працэсаў абездухоўленасці прывяло да драматычных наступстваў як у асабістым, так і ў грамадскім жыцці многіх людзей.

У нашай сённяшняй перадачы хачу запрасіць вас перайсці ад разгляду агульных тэндэнцый у сённяшнім свеце да канкрэтнага жыцця сучаснага католіка. Першае, на што хацелася б звярнуць увагу, гэта пытанне аб кандыцыі нашага духа, патэнцыяле нашай рэлігійнасці. Бо знешняе асяроддзе поўнасцю падпарадкоўвае сабе толькі слабых людзей. А ўнутрана моцная асоба можа сама вырашаць, каму і наколькі давяраць. Яна мае шанец на выжыванне нават у духоўна небяспечным асяроддзі. Працуючы над умацаваннем свайго духоўнага жыцця, сваіх адносінаў з Богам і Касцёлам, католік можа дапамагчы не толькі свайму ўласнаму унутранаму здароўю, але і іншым людзям у пошуку шляхоў да Бога.

Назіраючы за духоўнай кандыцыяй сучасных католікаў, можна заўважыць, што нягледзячы на тое, што іх яднае адна вера Касцёла, могуць паўставаць вельмі сур’ёзныя разбежнасці ў рэлігійнасці. Нават у звычайным жыцці мы заўважаем, што існуюць намінальныя хрысціяне, няверуючыя, прывязаныя толькі да традыцыі, веруючыя, але не практыкуючыя. Усе гэтыя спосабы перажывання веры застаўляюць задумацца. Які з тыпаў рэлігійнасці найбольш аптымальны? Дзе мяжа дапусцімага плюралізма ў выражэнні веры? Як не згубіцца ў разнастайных формах рэлігійнага самавыражэння?

У сённяшнім нашым радыёспатканні мы пастараемся толькі назваць і агульна ахарактарызаваць асноўныя тыпы рэлігійнасці, якія прысутнічуюць сярод сучасных хрысціянаў. А ў далейшых нашых перадачах паспрабуем іх падрабязна прааналізаваць. Разуменне розных спосабаў перажывання веры можа дапамагчы нам не толькі зразумець духоўную кандыцыю сучаснага католіка, але таксама знайсці аптымальныя шляхі дасканалення сваёй асабістай веры.

Заўважыць розныя тыпы рэлігійнасці мы пастараемся з дапамогай двух асноўных крытэрыяў: формы і зместу. Пад формай будзем разумець набор усіх норм, правіл і прадпісанняў рэлігіі. Гэта Божыя і Касцёльныя запаведзі, практычныя рэлігійныя і маральныя нормы паводзін хрысціяніна. Пад зместам веры будзем разумець усё тое, што звязана са свядомасцю, разуменнем і жаданнем пазнаваць значэнне і сэнс рэлігійных правіл і норм, якія прадпісвае нам вера і мараль Касцёла. Застасаваўшы гэтыя крытэрыі да рэлігійнасці сучасных хрысціянаў, можна выдзяліць пяць асноўных тыпаў веры.

Першы тып – гэта ідэальнае захоўванне рэлігіі паводле формы і зместу. Гэта такі тып католіка, які не толькі выконвае усе знешнія нормы і патрабаванні Бога і Касцёла, але імкнецца выконваць усё са зразуменнем, з поўнай свядомасцю таго, што робіць і навошта робіць.

Другі тып рэлігійнасці – гэта захоўванне веры паводле формы, але ігнараванне зместу. Гэта тып хрысціяніна-абрадаверца, фармаліста, які усе свае намаганні канцэнтруе на выкананні правіл і зусім не задумваецца над сэнсам таго, што робіць.

Трэці тып хрысціяніна – гэта асоба, якая дбае аб змесце веры, але ігнаруе усялякія формы. Такая рэлігійнасць будзе характарызавацца пошукам сэнсаў, значэнняў, дбаць аб паглыбленні свядомай веры. Адначасова будзе пагарджаць або выбарачна адносіцца да знешніх норм і практычных патрабаванняў Касцёла. Гэта тып крайняга рэлігійнага наватара, ліберала.

Наступны тып рэлігійнасці – гэта ігнарванне і формы і зместу веры. Гэта тып хрысіяніна, які абыякава адносіцца як да рэлігійных практык, так і да патрабаванняў маралі. Яго зусім не цікавіць значэнне і сэнс веры. Гэта тыповы намінальны вернік, агностык, не жадаючы нешта пазваць або змяняць.

І ўрэшце апошні тып верніка – гэта рэлігійны бунтар, рэвалюцыянер, змагар як з існуючай формай, так і зместам веры. Гэта чалавек, які ўвесь час крытыкуе і пратэстуе супраць усяго, што пазнае ў сваім Касцёле. Ён уцякае ад канструктыўных прапановаў, а ўсе свае сілы кіруе толькі на разбурэнне існуючай рэлігійнасці.

Усе вышэйназваныя тыпы рэлігійнасці можна знайсці ў асяроддзі амаль-што кожнай сучаснай хрысціянскай супольнасці. У нашых наступных перадачах пастараемся паддаць падрабязнаму аналізу кожны з гэтых відаў веры і пастараемся пашукаць шляхі іх дасканалення. Будзем спадзявацца, што рэфлексія над кандыцыяй веры дапаможа кожнаму з нас вывесці на дасканалейшы ўзровень адносіны з Богам і бліжнім, а таксама глыбей пазнаць мудрасць і багацце духоўнай скарбніцы Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.