2011-12-05 13:33:54

Папскі камітэт шукае матэрыялы аб ІІ Ватыканскім Саборы па ўсім свеце


RealAudioMP3 У рамках падрыхтоўкі да 50-й гадавіны адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору Папскі камітэт гістарычных навук пачаў пошук па ўсім свеце матэрыялаў, якія маюць дачыненне да сабору, паведамляе “CNS”. Многія з больш чым 2800 кардыналаў і біскупаў, якія ўдзельнічалі з 1962 па 1965 гг. у пасяджэннях сабора, пакінулі пасля сябе дзённікі ці нататкі. Некаторыя іерархі напісалі артыкулы для сваёй дыяцэзіяльнай прэсы. Іншыя пісалі лісты, у якіх таксама ішла размова аб працах сабору. Папскі камітэт гістарычных навук мае намер адшукаць усю гэту гіганцкую колькасць матэрыялаў і вывучыць іх.

Камітэт звярнуўся з запытам да касцёльных архіварыўсаў, а таксама да членаў сем’яў памерлых удзельнікаў сабора, спадзеючыся адшукаць дакументы, што змяшчаюць разважанні, якія шмат што могуць даць у плане вывучэння дзейнасці Другога Ватыканскага Сабору.

Кіраўнік Папскага камітэта кс. Бернард Ардура сказаў, што ён добра разумее, што знойдзеныя дакументы могуць выклікаць немалыя спрэчкі і нават канфлікты, але, у той жа час, дапамогуць лепш зразумець акалічнасці правядзення сабору і ацаніць яго вынікі. Кс. Ардура заявіў, што ўзначалены ім камітэт будзе садзейнічаць “ураўнаважанаму і навукова абгрунтаванаму” гістарычнаму даследаванню сабора, у адпаведнасці з прынцыпам, агучаным Святым Айцом – пазбегнуць любога ідэалагічнага ўплыву на гэты працэс.







All the contents on this site are copyrighted ©.