2011-12-05 16:54:52

Арцыбіскуп Чэллі: неабходны фільмы з глыбокім маральным зместам


RealAudioMP3 Старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, заклікаў да стварэння фільмаў з “глыбокім маральным зместам”. У інтэрв’ю, апублікаваным у сённяшнім нумары “L’Osservatore Romano” іерарх адзначыў, што “калі мы глядзім добры фільм, ён не заканчваецца тытрамі, якія мы бачым напрыканцы, але толькі пачынаецца калі мы перажываем эмоцыі”.

На думку арцыбіскупа Чэллі, кіно павінна дапамагаць пазнаваць праўду, адкрываць магчымасці для дыялога, але не абражаць годнасць чалавека. Сярод апошніх фільмаў, якія пакінулі глыбокае ўражанне, старшыня ватыканскай дыкастэрыі назваў працу Ксаверыя Бевуа “Людзі Бога” і Тэрэнса Маліка “Дрэва жыцця”, якія хоць “з цяжкасцямі, але атрымалі папулярнасць”. Арцыбіскуп адзначыў, што гэтыя фільмы адрозніваюцца не толькі глыбокім зместам, але і з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва.

Іерарх заклікаў маладых людзей, якія жадаюць прысвяціць сваё жыццё кінематографу не здраджваць сабе, свайму крэда і натхненню, але прыслухоўвацца да свету і яго патрэб, турбот і спадзяванняў. “Людскія сэрцы сумуюць па свету ў якім запануе любоў, усе будуць дзяліцца сваімі дарамі, будзе будавацца адзінства, а свабода знойдзе свой сэнс у праўдзе. Будзьце гатовы спрыяць гэтаму сваімі фільмамі!”, - заклікаў ватыканкі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.