2011-12-04 12:13:00

Бэнэдыкт XVI перад малітвай “Анёл Панскі” заклікаў да стрыманасці і навяртання


RealAudioMP3 4 снежня, перад малітвай “Анёл Панскі”, Бэнэдыкт XVI заклікаў сабраных на плошчы св. Пятра вернікаў да стрыманасці, унутранага перамянення і навяртання. “Дарагія браты і сёстры! – сказаў Папа – Гэта нядзеля з’яўляецца другім этапам Адвэнта. Гэты перыяд літургічнага года звяртае нашу увагу на дзве постаці, якія гралі вельмі важную ролю ў падрыхтоўцы гістарычнага прыйсця Езуса Хрыста: Панны Марыі і св. Яна Хрысціцеля. Менавіта на апошнім засяроджана ўвага ў сённяшнім фрагменце Евангелля паводле св. Марка. Евангеліст апісвае асобу і місію Папярэдніка Хрыста (пар. Мк 1,2-8) пачынаючы са знешняга аспекта. Св. Ян прадстаўляецца нам, як чалавек вельмі аскетычны: ён насіў адзенне з вярблюджай воўны, еў саранчу і дзікі мёд, якія знаходзіў у пустыні Іўдэі (пар. Мк 1,6).

Сам Езус, аднойчы, супрацьпаставіў яго тым, хто “знаходзіцца ў каралеўскіх дамах” і “носіць мяккія шаты” (Мц 11,8). Стыль Яна Хрысціцеля павінен заклікаць усіх хрысціян да таго, каб зрабіць стрыманасць уласным стылем жыцця, асабліва ў час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, калі Пан – як казаў св. Павел – “будучы багатым, дзеля вас стаў бедным, каб Сваёй беднасцю вас узбагаціць” (2 Кар 8,9).

Што тычыцца місіі Яна, яна заключалася ў тым, каб заклікаць да незвычайнага навяртання: яго хрышчэнне “звязана з шчырым запрашэннем да новага спосабу мыслення і дзеяння, і перш за ўсё, з абвяшчэннем Божага суда” (“Езус з Назарэта”, І, Мілан 2007, с. 34) і надыходу Месіі, акрэсленага ім як “Мацнейшы за мяне” і які “хрысціць Духам Святым” (Мк 1, 7.8). Заклік Яна сягае да самай глыбіні адносна стрыманага стыля жыцця: ён заклікае да ўнутранага перамянення, пачынаючы ад прызнання і споведзі з уласных грахоў. У час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, важна ўвайсці ў саміх сабе і праўдзіва пераглядзець сваё жыццё. Дазволім асвяціць наш розум святлом, якое паходзіць з Бэтлеема, святлом Таго, хто “Вялікі”, але стаў малым, “Наймацнейшы”, але стаў слабым.

Усе чатыры Евагелісты, апісваюць прапаведванне Яна Хрысціцеля звяртаючы ўвагу на адзін радок з кнігі прарока Ісаі: “Голас таго, хто кліча: Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму” (Іс 40,3). Марк уключае таксама цытату з іншага прарока – Малахіі, які казаў: “Вось пасылаю анёла майго перад Табою, які падрыхтуе дарогу Табе” (Мк 1,2; пар. Мал 3,1). Гэтыя заклікі з тэкстаў Старога Запавету, “кажуць аб збаўчым умяшальніцтве Бога, які пакінуў сваю таямнічасць, каб судзіць і збаўляць; для Яго трэба адкрыць дзверы і падрыхтаваць дарогу” (“Езус з Назарэта”, 1, с. 35).

Матчынаму заступніцтву Марыі, Панны чакання, даверым наш шлях на сустрач Хрысту, які надыходзіць, у той час як мы працягваем наш Адвэнт, каб падрыхтаваць сэрца і жыццё на прыход Эмануэля, Бога-з-намі”.










All the contents on this site are copyrighted ©.