2011-12-03 16:57:45

"З сэрцам у кантакце". Правілы распазнання духаў


RealAudioMP3 Мы працягваем сёння тэму мінулай перадачы «Распазнаванне духаў». Нагадаю, што мы прыйшлі да высновы, што вельмі важна ў пытанні разрознівання добрых думак ад благіх карыстацца дапамогаю духаўніка.

Аднак ужо старажытныя манахі скардзіліся, што не могуць знайсці добрага духоўнага айца. Вось чаму з’явілася думка, каб сфармуляваць пэўныя крытэрыі, правіла, пры дапамозе якіх можна было б распазнаваць: да дабра ці да зла вядуць нас унутраныя помыслы-наказы. Цікавы прыклад такога сфармулявання знаходзіцца ў “Духоўных практыкаваннях” святога Ігната Лайолы.

Святы Ігнат адчуваў вялікую патрэбу ў здольнасці разрозніваць паміж двумя тыпамі думак-помыслаў, паколькі пасля свайго навяртання ён на першых кроках у сваім духоўным жыцці некалькі разоў памыляўся, прымаючы за Божае натхненне, тое, што ім не было. Дзеля гэтага, ён, на падставе свайго духоўнага вопыту, сфармуляваў для сябе ды іншых некаторыя “правілы распазнавання духаў”. Гэтыя правілы не з’яўляюцца чымсці новым, бо падобны духоўны вопыт мелі таксама іншыя духоўныя людзі яшчэ да яго. Некаторыя з гэтых “правіл” сталіся традыцыйнымі.

Асноўнае правіла

Калі святы Антоній выйшаў на пустэльню, то ён быў бадай першым, хто паспрабаваў даследваць і разрозніваць свае думкі. Ён прыйшоў да высновы, што думкі можна раздзяліць паводле тых наступстваў, якія яны выклікаюць. Добрыя натхненні выклікаюць у нас “невыказную радасць, добры настрой, адвагу, унутранае аднаўленне, пазітыўнасць думкі, мужнасць і любоў Бога”, іншыя ж, наадварот нясуць з сабою: “баязлівасць душы, перапалох і неўпарадкаванасць думак, сум, ненавісць да аскетаў, розпач, прыгнечанасць, дрэнныя ўспаміны пра родных, баязнь смерці і ўрэшце благія пажаданні, маладушнасць у адносінах да дабрадзейнасці і неўпарадкаваныя звычкі”.

Гэтае правіла было спрошчана да наступнага акрэслення: “Тое, што разбурае, паходзіць ад д’ябла, Бог жа дае сэрцу супакой”. Вядома, гэты прынцып нельга застасоўваць механічна: у прыняцці рашэнняў трэба браць пад увагу ня толькі нашую унутраную суб'ектыўную ацэнку, але карыстацца таксама меркаваннямі іншых людзей, якія могуць паслужыць для нас сваго роду «аб'ектывізацыяй», іншымі словамі прывесьці нас да бачання нашай рэальнай сітуацыі.

Пра ўтрапенне

На духоўнай дарозе мы можам перажываць розныя духоўныя станы ў тым ліку, якія адбіваюцца на нас негатыўна. Звычайна мы распазнаем свой унутраны негатыўны настрой, калі ён больш-менш трывалы. У такія моманты мы звычайна кажам іншым: “Пакінь мяне, я ў жахлівым настрою і гэта ня хутка пройдзе!”.

Духоўныя кнігі не кажуць пра дрэнны настрой, але ужываюць слова: “утрапенне”. У іх звяртаецца ўвага, што утрапенне ўплывае на нашыя адносіны з Богам і на выпаўненне нашых рэлігійных абавязкаў. Што ж такое утрапенне? На сучасную мову можна гэтае слова перакласці як знеахвочванне, заламанне і зняверанне ва ўсіх і ва ўсім.

У такім стане нам неабходна быць трывалымі: не змяняць тых рашэнняў, якія мы прынялі раней, тады калі добра сябе адчувалі. Робячы гэтак, мы зможам перажыць цудоўнае дасвядчэнне: мы адкрыем, што з’яўляемся моцнымі і здольнымі чыніць штосьці супрацьлеглае таму, да чаго нас схіляе прысутны дрэнны настрой.

Прыкрыя станы духа

Чаму мы перажываем прыкрыя станы духа? Каб адказаць сабе на гэтае пытанне, духоўныя аўтары звычайна звяртаюцца да біблійнага апавядання аб Ёве. Усе ягоныя пакуты былі выпрабаваннем яго дабрадзейнасці. Вось чаму духоўнае утрапенне ёсць цяжкім выпрабаваннем, асабліва для тых, хто прагне прысвяціць сябе малітоўнаму жыццю.

Напрыклад, святая Тэрэза Авільская, манахіня кантэмплятыўнага манаскага ордэну, пакутавала з гэтай прычыны некалькі год, але ўрэшце яна была ўзнагароджана Богам асаблівымі дарамі. Кожны хрысціянін павінен аднак адчуваць патрэбу быць у пэўны спосаб выпрабаваным праз утрапенне. Чаму? Бо толькі такім чынам мы здабудзем разуменне, што праўдзівую пабожнасць нельга вымяраць інтэнсіўнасцю духоўна-эмацыянальных перажыванняў. Справы нашыя, сябры, ідуць добра не толькі тады, калі адчуваем сябе добра.

Што варта пачытаць

Пра “распазнаванне духаў” післа шмат духоўных аўтараў. Ужо ў V стагодзі Діадох з Фотыкі сабраў выказванні на гэтыю тэму розных духоўных аўтараў. Мы ўжо ўзгадвалі святога Ігната Лайолу, які апісаў тое, чаго сам дасьведчыў на практыцы і сфармуляваў некаторыя правілы распазнавання духаў.

Можна таксама ўзгадаць тут Ларэнцыё Скуполі, які выкладае прынцыпы распазнавання ў кнізе, што называецца “Духоўная барацьба”. Цікава, што “Духоўная барацьба” Ларэнцыё Скуполі была перакладзена на грэцкую мову праваслаўным манахам Нікадзімам Святагорцам. Уладыка Феафан Затворнік у сваю чаргу вольна пераклаў яе на расійскую мову, даючы ёй назву “Невидимая брань”.

Уласна пад гэтай назвай твор рыма-каталіцкага манаха стаўся вядомым падручнікам праваслаўнай пабожнасці на нашых землях. Што ж тут дадаць? Давайце тэарытычна і практычна засвайваць хрысціянскае баявое мастацтва, назва якому – духоўная барацьба.








All the contents on this site are copyrighted ©.