2011-12-03 11:13:20

Бэнэдыкт XVI: Адвэнт – час цішыні і чакання Пана


RealAudioMP3 Вечарам 2 снежня Бэнэдыкт XVI прыняў удзел у адвентавым мерапрыемстве пад назвай “Надыход Божага Нараджэння ў прыальпійскай Баварыі – З неба на зямлю”. Арганізатарам падзеі, якая прайшла ў Клеменційскай Залі Апостальскага Палаца ў Ватыкане ў вельмі цёплай і сямейнай атмасферы, стала баварскае тэлебачанне “Bayerischer Runfunk”. Падчас адкрыцця мерапрыемства кампазітар Ганс Бэргер і яго творчы калектыў скіравалі да Папа музычнае прывітанне з уласных твораў на калядную тэматыку. Затым Святому Айцу быў прадстаўлены фільм рэжысёра Зігрыд Эслінгер аб чалавечай і духоўнай атмасферы ў час надыходу Божага Нараджэння ў прыальпійскай Баварыі, роднай зямлі Пантыфіка, і аб традыцыйнай падрыхтоўцы да гэтай урачыстасці ў мястэчках, касцёлах, парафіях, сем’ях рэгіёна. Бэнэдыкт XVI падзякаваў арганізатарам гэтай сустрэчы і звярнуўся да прысутных з кароткай імправізаванай прамовай.

“У нас Адвэнт называюць “ціхім часам” – “staаte Zeit”. Прырода нібыта замірае; зямля пакрываецца снегам; сяляне не маюць магчымасці працаваць на вуліцы; усе больш часу праводзяць дома. Хатняя цішыня становіцца, дзякуючы веры, чаканнем Пана, радасцю яго надзеі. І так нарадзіліся гэтыя мелодыі і ўсе гэтыя традыцыі, якія дапамагаюць прынесці “частку неба на зямлю”.

Святы Айцец адзначыў, што сёння, аднак, Адвэнт, у жыцці людзей, часта з’ўяляецца абсалютна супрацьлеглым: часам вялікай актыўнасці, пакупак, продажу, падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, вялікіх вячэр і г.д. “Але, як мы ўбачылі народныя традыцыі веры не зніклі, але наадварот аднаўляюцца, паглыбляюцца і развіваюцца. І так ствараюцца астравы для душы, астравы цішыні, веры, астравы для Пана ў наш час, і гэта мне здаецца вельмі важна”, - сказаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што мы павінны быць удзячнымі ўсім, хто спрыяе гэтаму працэсу: сем’ям, касцёлам, прафесійным і не вельмі групам вернікаў, які спрыяюць прысутнасці веры ў нашых дамах.








All the contents on this site are copyrighted ©.