2011-12-02 15:42:12

Мітрапаліт Кандрусевіч папрасіў А.Лукашэнку ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне


RealAudioMP3 Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да ўладаў Беларусі з заклікам увесці мараторый на смяротнае пакаранне. У інтэрв’ю сайту Каталіцкага Касцёла ў Беларусі www.catholic.by, з нагоды абвяшчэння смяротнага прысуду вынесенага Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву, абвінавачаных у здзяйсненні тэрарыстычнага акту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г., іерарх адзначыў, што “ніякі тэрарыстычны акт не можа быць апраўданы і злачынцы павінны атрымаць справядлівае пакаранне”.

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што “супольнае дабро патрабуе, каб злачынца быў пазбаўлены магчымасці чыніць зло” і таму абавязкам дзяржавы з’яўляецца “не дапусціць распаўсюджвання паводзін, якія парушаюць правы чалавека і асноўныя прынцыпы супольнага грамадскага жыцця”.

Іерарх падкрэсліў, што Касцёл не выключае смяротнага пакарання, у тым выпадку, калі не існуе больш ніякай магчымасці абараніць людзей ад несправядлівага агрэсара, аднак заклікае да бескрывавых метадаў пакарання злачынаў, паколькі яны найбольш адпавядаюць умовам агульнага дабра і годнасці чалавечай асобы.

Нагадваючы аб словах бл. Яна Паўла ІІ арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што смяротнае пакаранне з’ўяляецца не толькі замахам на жыццё чалавека, але і абразай чалавечай годнасці. Таксама іерарх нагадаў, аб закліку Бэнэдыкта XVI спрыяць адмене гэтай формы пакарання.

“Нават калі злачынства было варварскім, пакаранне не павінна быць такім, бо паводле навучання Хрыста, мы павінны кіравацца прынцыпам не “вока за вока і зуб за зуб”, але прынцыпам любові, і нават да тых хто чыніць зло”, - сказаў арцыбіскуп.

Бяручы пад увагу хрысціянскае вучэнне па гэтай праблеме і ўзгадваючы словы Езуса Хрыста “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, Мітрапаліт звярнуўся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і заканадаўчых уладаў з заклікам увесці мараторый на смяротнае пакаранне, замяніўшы яго пажыццёвым пазбаўленнем свабоды, і памілаваць усіх асуджаных да вышэйшай меры пакарання.








All the contents on this site are copyrighted ©.