Беларусь: упершыню каталіцкія праграмы на дзяржаўным тэлебачанні
Беларускія каталіцкія
святары выйшлі ў эфір – тэлевізійны. На нацыянальных каналах “Беларусь 1” і “Беларусь
2” запушчаны два новыя праекты “Слова пастыра” і “Размовы са святаром”. Гэтыя перадачы,
якія будуць выходзіць 2 разы ў месяц, вывелі супрацоўніцтва каталіцкага духавенства
і дзяржаўнага тэлебачання, можно сказаць, на новы ўзровень. Праграму “Слова пастыра”
вядзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Асоба архіпастыра
і прадыктавала фармат і характар праграмы, сур’ёзны і змястоўны. Гэта зварот да гледача
або, нават, настаўленне – паведаміў адказны за СМІ пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў
у Беларусі ксёндз Юрый Санько.
Калі “Слова пастыра” па сутнасці настаўленне,
то “Размовы са святаром” – гэта дыялог з гледачом. Вядучы праграммы – ксёндз Юрый
Санько – адказвае на пытанні гледачоў, дасланыя на электронную скрынку pytanni@catholic.by
або звычайнай поштай на адрас мітрапалітальнай курыі. Гісторыя, звычаі, традыцыі,
хрысціянскае жыццё ў сям’і – толькі прыкладны спектр тэм тэлеперадачы, абмяжоўваць
які вядучы не імкнецца. А нават калі часу закрануць ўсе пытанні ў эфіры не хопіць,
увагу ім удзеляць на інтэрнэт-старонцы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі catholic.by.
Першыя “серыі” кожнай з праграм ужо выйшлі ў эфір. Наступныя “Размовы са святаром”
– 6 снежня, у дзень успаміну св. Мікалая. Хто павінен прыходзіць да дзяцей – Дзед
Мароз ці св. Мікалай? – чаму ні тэма для дыскусіі. Але мы і так забягаем наперад.
Сачыце за тэлепраграмай у прэсе і анонсамі праграм на сайце catholic.by, дасылайце
пытанні. І пачуеце адказ, адрасаваны менавіта вам.