2011-12-01 16:49:14

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Бескрытычнае захапленне


У сённяшняй перадачы хацеў бы запрасіць вас прыгледзецца да таго, якія шанцы і пагрозы нясе здольнасць выходзіць насустрач іншаму светапогляду і веры.

З ранняга дзяцінства мы прывакаем адрозніваць сваіх ад чужых. Дастаткова прыгадаць, як малое дзіця ўмее адрозніваць родных бацьку і маці ад чужых людзей. Гэты падзел на “сваіх” і “чужых” пасля пашыраецца на ўсе сферы чалавечага жыцця. Па меры сталення чалаве выходзіць па-за межы свету сваёй сям’і. Надыходзяць момнаты адкрыцця, што існуе свой і чужы народ, свая і чужая вера, сябры і ворагі і г.д.

Адкрыццё чагосьці іншага, чужога, неспазнанага нясе ў сабе важную пазнаўчую каштоўнасць. Але на гэтым вартасць сустрэчы не вычэрпваеца. Велізарнае значэнне мае тое, як асоба рэагуе на пазнанне свету другой асобы, свету яе перакананняў, прынцыпаў, рэлігіі.

Назіраючы за тым, як людзі адносяцца да свету іншых асобаў, можна гаварыць пра розныя тыпы ўспрымання іншасці. У нашых разважаннях спынімся на рэлігійным аспекце справы. Пастараемся прасачыць, як адносіны да іншага светаўспрымання і рэлігіі ўплываюць на хрысціянскую ідэнтычнасць.

Сёння хачу запрасіць вас да разгляду такога тыпу адносінаў да свету іншых перакананняў і веры, як бескрытычнае захапленне. Яно выражаецца ў тым, што асоба ўспрымае ўсё чужое як найлепшае, найбольш правільнае. У рэлігійнай сферы гэта звязана з успрыманнем іншай веры як больш каштоўнай, чым сваёй. Спачатку гэта можа выражацца ў захапленні знешнімі формамі чужой рэлігійнасці: напрыклад іконамі, дэкорам святыні, музыкай, абрадам. Пасля паступова знешняе захапленне перарастае ў захапленне ўнутраным светам “чужога”. Гэта натуральны працэс паглыблення адносінаў. Асоба пачынае захапляцца літаратурай іншай рэлігіі, яе лідэрамі, спосабам паводзінаў. Урэшце надыходзіць найглыбейшы ўзровень бескрытычнай адкрытасці на іншае. Асоба пачынае захапляецца перакананнямі іншага светапогляду, дактрынай, верай, мараллю. Вось тут надыходзіць гранічны момант, калі трэба выбраць: застацца пры “сваім” ці перайсці на бок “чужога”.
Момант выбару паміж ранейшым “сваім” і новым “чужым” часта звязаны не толькі з захапленнем іншай рэлігіяй ці культурай. Гэты працэс бескрытычнага звароту ў бок чагосьці іншага можа быць звязаны з няведаннем або незадавальнннем уласнай рэлігійнай сітуацыяй. Можна нават прасачыць пэўную заканамернасць. Чым больш асоба захапляецца “чужым”, тым больш будзе не любіць сваё. Бескрытычнасць адносна іншага, часта адбіваецца празмернай крытычнасцю адносна свайго.
Гэта вельмі выразна можна прасачыць у рэлігійнай практыцы. Чым больш вернік захапляецца знешнямі формамі іншай рэлігійнасці, тым менш яе будзе прываблівасць знешні выгляд сваёй. Таксама, чым больш будзе захапляцца лідэрамі або літаратурай іншай канфесіі, тым больш будзе адчуваць непрыязь або абыякавасць да свайго духавенства ці духоўнай літаратуры. А калі працэс захаплення чужой рэлігійнасцю даходзіць да найбольш глыбокіх сфераў, тады надыходзіць крытычны момант адкідвання таго, што найсвяцейшае ў сваёй канфесіі. У выпадку католікаў гэта можа выражацца ў сумненнях адносна рэальнай прысутнасці Хрыста ў св. Камуніі, сумненнях адносна абавязковасці споведзі перад святаром і г.д.

Здаецца, за паставай бескрытычнага захаплення чужой рэлігійнасцю і надмернай крытыкай адносна сваёй канфесіі, часта крыецца звычайнае няведанне свайго. Калі гэтая ігнарантнасць накладзецца на слабую рэлігійную адукацыю і нейкія асабістыя маральныя праблемы верніка, то ён бескрытычна можа пабегчы за любой новай рэлігіяй. Ілюзія, што дзесьці там будзе лепей, чым тут, часта ператварае жыццё чалавека ў драматычныя ўцёкі ад рэальнасці, ад здаровай рэлігійнасці. Ратункам на гэта можа быць выхаванне да самакрытычнасці, да пазнання сваёй рэлігіі і багацця дароў, якія Бог удосталь дае кожнаму чалавеку на дарозе яго штодзённага рэальнага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.