2011-12-01 13:39:55

Масква: форум на тэму рэлігійнай свабоды ў свеце


RealAudioMP3 1 снежня ў Маскве працягнула працу двухдзённая Міжнародная канферэнцыя “Свабода веравызнання: праблема дыскрымінацыі і пераследу хрысціян”, арганізатарам якой з’яўляецца Маскоўскі Патрыярхат Русскай Праваслаўнай Царквы. Форум мае агульнаправаслаўны і міжрэлігійны характар – у ім удзельнічаюць прадстаўнікі шматлікіх Праваслаўных Цэркваў, мусульманскіх і юдэйскіх супольнасцяў, міжнародных, міжхрысціянскіх і міжрэлігійных грамадскіх аб’яднанняў. Каталіцкі Касцёл на мерапрыемстве прадстаўляюць спецыяльны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Эдвін Ёзэф Эндэр і арцыбіскуп Паоло Пэццы.

Удзельнікі мерапрыемства абмяркоўваюць сітуацыю прадстаўнікоў розных рэлігій у свеце, праблемы звязаныя з іх пераследам і дыскрымінацыяй, прычыны гэтых з’яў і іх уплыў на будучыню ўсяго чалавецтва.

У сваёй прамове падчас форума арцыбіскуп Эндэр адзначыў, што ў тых краінах, дзе сёння няма адкрытага рэлігійнага насілля, існуе тэндэнцыя лічыць усё рэлігійнае нязначным і не дапускаць уплыву рэлігій на жыццё грамадства. “Дыскрымінацыя хрысціян нават там, дзе яны з’яўляюцца большасцю, павінна быць прадстаўлена ўсяму грамадству як недапушчальная з’ява, такая ж як антысемітызм і ісламафобія”, - сказаў каталіцкі іерарх.

Форум завершыцца сёння падпісаннем спецыяльнага паслання, якое будзе грунтавацца на разважаннях удзельнікаў канферэнцыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.