2011-12-01 13:34:32

Апостальская Сталіца заклікае да дапамогі хворым на СНІД


RealAudioMP3 Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя з нагоды Сусветнага дня барацьбы са СНІД, які адзначаецца 1 снежня, скіравала спецыяльнае пасланне, у якім адзначае, што гэты дзень павінен быць нагодай для таго, каб усе, каго дакранула гэта хвароба, мелі свабодны доступ да лячэння. Гэты дзень павінен таксама стаць нагодай да выхавання да адказных сексуальных паводзін. “Гэта адмысловы дзень, каб пацвердзіць нашу маральную, духоўную і, па магчымасці, матэрыяльную блізкасць да тых, хто захварэў СНІДам і іх сем’яў”, - адзначаецца ў дакуменце.

Аўтары паслання звяртаюць увагу на тое, што хоць міжнародная супольнасць пачала змагацца са СНІДам 20 гадоў таму, на жаль кожны год ад яго памірае амаль 2 млн. чалавек. “Гэтыя людзі маглі б жыць, калі б мелі доступ да адпаведнай медыцынскай тэрапіі, вядомай як антырэтравірусныя прэпараты”, - падкрэсліваюць аўтары паслання.

Ватыканская дыкастэрыя звяртае асаблівую ўвагу на выхаванне новых пакаленняў да сексуальнасці на аснове антрапалогіі, звязанай з натуральным правам і Евангеллем. “Касцёл і яго навучанне заахвочваюць да ладу жыцця, звязанага з поўнай перадшлюбнай устрыманасцю і сужэнскай вернасцю”.

Ватыканская дыкастэрыя выказвае падзяку ўсім установам і валанцёрам, якія працуюць у сферы аховы здароўя, асабліва тым, які займаюцца хворымі на СНІД.







All the contents on this site are copyrighted ©.