Чакаецца афіцыйнае абвяшчэнне візіту Папы на Кубу і ў Мексіку
Касцёлы на Кубе і
ў Мексіцы чакаюць, што 12 снежня будзе афіцыйна абвешчана аб візіце Папы ў гэтыя дзве
краіны вясной 2012 г. Кіраўнік Залі Друку кс. Фэдэрыка Ламбардзі пацвердзіў адпаведныя
планы на прэс-канферэнцыі ў Беніне два тыдні таму. Пасол Мексікі пры Апостальскай
Сталіцы Гектар Федэрыка сказаў сёння лацінаамерыканскім журналістам, што падчас св.
Імшы з Папам 12 снежня ў базыліцы св. Пятра, на якой будуць прысутнічаць дзяржаўныя
дзеячы і прадстаўнікі Касцёла Лацінскай Амерыкі, чакаецца афіцыйнае пацвярджэнне апостальскага
падарожжа. У гэты дзень будзе адзначацца ўрачыстасць Маці Божай Гвадэлупскай і “200-годдзе
незалежнасці Лацінскай Амерыкі”.
Мэтай візіту ў Мексіку, як чакаецца, стане
горад Леон. Аб гэтым паведаміў арцыбіскуп Леонскі Хасэ Марцін Рабаго мексіканскай
газеце “Milenio”. Ён пацвердзіў, што праз месяц сюды прыбудзе камісія з Ватыкана для
правядзення абследавання і папярэдняга планавання. Візіт у Мексіку з’яўляецца прыярытэтным,
бо гэта другая па велічыні пасля Бразіліі каталіцкая краіна ў свеце. Са 114 млн. мексіканцаў,
84% – 94 млн. з’яўляюцца католікамі.
У плане на вясну 2012 г. ёсць таксама
Куба – візіт у якую адбудзецца верагодна па дарозе ў Мексіку. Амерыканская дыяцэзія
Маямі, тэрыторыя якой прылягае да Кубы, абвясціла аб планах шматлікага ўдзелу сваіх
вернікаў у мерапрыемствах, звязаных з візітам. “Калі Святы Айцец прыбудзе на Кубу,
кубінскі народ з другой часткі фларыдскага праліва будзе таксама ўдзельнічаць у гэтым”,
- заявіў арцыбіскуп Томас Вэнскі. Многія кубінцы хацелі б прымаць Папу разам са сваімі
суайчыннікамі на Кубе. Іерарх заклікаў улады абедзвюх краін пераглядзець сваю палітыку
адносна падарожжаў з краіны ў краіну. У цяперашні час з-за эмбарга ЗША на падарожжы
на Кубу для амерыканцаў і кубінскіх эмігрантаў, гэта звязана з вялікімі бюракратычнымі
працэдурамі.