2011-11-30 16:04:38

Святы Айцец павіншаваў Патрыярха Барталамея І


RealAudioMP3 30 лістапада 2011 г. дэлегацыя Cвятога Пасаду на чале з кардыналам Куртам Кохам, старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, прыбыла на запрашэнне Канстантынопальскага Патрыярха ў Стамбул для ўдзелу ва ўрачыстасці св. Апостала Андрэя. Каталіцкая дэлегацыя прыняла ўдзел ва ўрачыстай літургіі, якую ужо ў 20 раз на пасадзе Патрыярха ўзначаліў Барталамей І. Падчас святкаванняў іерарху было ўручана віншаванне ад папы Бэнэдыкта XVI. У ім Святы Айцец запэўнівае Патрыярха ў сваёй малітоўнай блізкасці ў адзінстве веры, атрыманай ад Апосталаў, прыгадваючы нядаўнюю асабістую сустрэчу ў Асізі, дзе прадстаўнікі розных рэлігій разважалі аб сумесным пошуку Бога і Яго праўды дзеля міра і справядлівасці ў свеце.

“Сучасныя абставіны, якія вызначаюць культурны, сацыяльны, эканамічны, палітычны і экалагічны парадак, ставяць перад католікамі і праваслаўнымі аднолькавыя выклікі. - напісаў Папа - Аб’яўленне Таямніцы Збаўлення праз смерць і Уваскрасенне Езуса Хрыста патрабуе моцнага аднаўлення веры ў многіх рэгіёнах, якія першымі атрымалі святло Евангелля, а сёння перажываюць секулярызацыю такой сілы, што яна здольная знішчыць чалавека ў яго найбольш глыбокім вымярэнні”. Папа запрашае аб’яднаць намаганні, каб лепш паказаць чалавецтву ўзоры асоб, сталых у сваёй веры і здольных вытрымаць уціскі.

Горача віншуючы Барталамея І з 20-годдзем служэння ў якасці Патрыярха Канстантынопальскага, Папа адзначае, што ўрачыстасць св. Андрэя – Апостала ўсходнееўрапейскіх народаў – з’яўляецца нагодай моцна і разам узнесці малітву да Пана, каб атрымаць дар адзінства.







All the contents on this site are copyrighted ©.