2011-11-30 16:48:46

Рым: ІІІ Сусветны кангрэс душпастырства замежных студэнтаў


RealAudioMP3 Да 3 снежня будуць працягвацца працы ІІІ Сусветнага кангрэсу душпастырства замежных студэнтаў, арганізаванага Папскай радай пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Глабалізацыя, цяжкія ўмовы на радзіме і развіццё міжуніверсітэцкіх сувязяў, пачалі ў апошнія гады моцна ўплываць на сацыяльна-палітычны і эканамічны стан многіх краін. Як адзначыў старшыня Рады арцыбіскуп Антоніо Марыя Вэльё, гэтыя з’явы ўсё больш прыцягваюць увагу Касцёла і ўсяго чалавецтва.

У Кангрэсе прымаюць удзел каля 135 дэлегатаў з 36 краін Еўропы, Амерыкі, Азіі, Афрыкі і краін Блізкага Усходу, сярод іх – каля трыццаці студэнтаў. Асаблівасць сустрэчы ў тым, што у ёй прымаюць ўдзел таксама праваслаўныя, англікане і лютэране. Сама тэма – кантакт паміж культурамі – ставіць у цэнтры форуму ролю студэнтаў, якія ў сённяшнім свеце становяцца “героямі новай евангелізацыі”.

На кангрэсе абмяркоўваюцца рэкамендацыі для біскупскіх Канферэнцый па спрыянню падрыхтоўцы капеланаў і душпастыраў для студэнцкіх асяроддзяў. Навучанне за мяжой патрабуе асаблівай пастырскай апекі і духоўнай дапамогі тым, хто адарваны ад дома і звыклага асяроддзя, спрыянню клімату салідарнасці і падтрымкі ў шматнацыянальным асяроддзі.

Арцыбіскуп Антоніо Марыя Вэльё выказаў перакананне, што існуе неабходнасць заахвочваць студэнтаў ствараць атмасферу ўзаемнай павагі, дыялогу, сяброўства, заснаванага на супрацоўніцтве і ўзаемнай падтрымцы.

Штогод каля трох мільёнаў студэнтаў ва ўсім свеце пакідаюць Бацькаўшчыну, каб накіравацца на вучобу. Іх колькасць расце. Чакаецца, што ў 2025 г. такіх студэнтаў будзе 7 млн.







All the contents on this site are copyrighted ©.