Арцыбіскуп Тамазі: мы ніколі не павінны звяртацца да рэпрэсій
З 28 лістапада па
1 снежня ў Жэневе праходзіць 31 Міжнародная канферэнцыя Чырвонага Крыжа. У ёй прымае
ўдзел арцыбіскуп Сільвано Тамазі, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН
і іншых міжнародных арганізацыях. Ён выступіў на форуме з прамовай, у якой адзначыў,
што сёння высока індустрыялізаваныя краіны і краіны на шляху развіцця перажываюць
глыбокія палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя крызісы. У розных частках свету ўзнікаюць
канфлікты, напружанні, якія вядуць да вялікай колькасці ўцекачоў.
“Жыццё ідзе
наперад а заканадаўства не паспявае за ім. - Адзначыў ватыканскі дыпламат. - Часта
здараецца, што людзі і народы вымушаны бараніць сваё права на жыццё, годнасць і свабоду.
Арцыбіскуп Тамазі нагадаў, што Апостальская Сталіца пастаянна падкрэслівае недапушчальнасць
звароту да рэпрэсій або бесчалавечных адносін да іншых, асабліва да нявінных і безабаронных
людзей.
Іерарх зацытаваў словы Яна Паўла ІІ з яго паслання на Дзень Міру ў
2002 г., калі Пантыфік узгадаў цярпенні народаў і асоб ад нацысцкага і камуністычнага
таталітарызмаў. Ян Павел ІІ пісаў, што “сапраўдны мір з’яўляецца плёнам справядлівасці.
Калі яна слабая, недасканалая і залежная ад эгаізму людзей, мы павінны ажыццяўляць
яе ў духу прабачэння, якое загойвае раны і аднаўляе чалавечыя адносіны”. Арцыбіскуп
Тамазі заявіў, што Касцёл уносіць свой канкрэтны ўклад у гэта шляхам выхавання сумлення
сучаснага чалавека і рэалізацыю шматлікіх гуманітарных праектаў.