2011-11-29 15:06:58

“Homo caritatis”. Народ – крыніца жыццёвай энергіі дзяржавы


RealAudioMP3 Мы працягваем знаёміцца з этыка-палітычнай філасофіяй Жака Марытэна, вялікага хрысціянскага філосафа ХХ ст. думкі якога вельмі паўплывалі на ўсё сучаснае каталіцкае навучанне, у тым ліку і сацыяльнае. Нагадаю, што нашы разважанні грунтуюцца на самай сістэматызаванай працы Марытэна прысвечанай тэме дэмакратыі і правоў чалавека, якая называецца “Чалавек і дзяржава”.

У мінулай праграме, мы пачалі размову аб маральнай рацыяналізацыі палітыкі – адзіным сапраўдным шляху да справядлівага і шчаслівага жыцця народаў, паводле Жака Марытэна. Мы ўбачылі, што ў палітыцы, як і ў нашым штодзённым жыцці, нельга дасягнуць добрых і трывалых вынікаў карыстаючыся дрэннымі і несправядлівымі сродкамі. Добрым сродкам і адзінай прыладай для ўдасканалення жыцця грамадстваў з’яўляецца дэмакратыя, якая адначасова з’яўляецца цяжкім і патрабуючым вернасці шляхам маральнай рацыяналізацыі палітычнага жыцця.

Фарысейства ў палітыцы

Марытэн звяртае ўвагу на тое, што прыхільнікі ідэй Макіявеллі, мяркуюць, што выкарыстанне дзяржавай амаральных сродкаў непазбежна. Таму лічыцца этычна абгрунтаваным выкарыстанне сілы, дзейнасць спецыяльных сакрэтных служб і метадаў разведкі, шпіянажа, якія з аднаго боку служаць грамадству, але пры гэтым не могуць не карыстацца паслугамі прадажных людзей. Варта нагадаць аб выкарыстанні паліцэйскіх метадаў, якія не павінны парушаць правы чалавека, але робяць гэта. Марытэн падкрэслівае няшчырасць і розныя хістрасці ў адносінах з іншымі дзяржавамі, прыняцце прынцыпа меньшага зла і г.д.
Адны шчыра карыстаюцца ўсімі гэтымі метадамі, а іншыя і не імкнуцца супраціўляцца такому стану рэчаў, пакідаючы за палітыкай характарыстыку “брудная справа”. Яны нібыта фарысеі, не хочуць дакранацца да граху, баючыся забрудзіцца. Але мала перад кім паўстае пытанне аб неабходнасці ачышчэння палітычных сродкаў.

Марытэн заклікае нас памятаць, што мэта, вартая чалавека, можа дасягацца толькі годнымі чалавека сродкамі. Такая пазіцыя патрабуе добрай волі і імкнення да стварэння такіх сродкаў, якія нясуць на сабе знак і пячатку вялікай мэты. Сродкаў, у фундаменце якіх будзе справядлівасць, уласцівая супольнаму дабру і жыццёвая святасць.

Сродкі кантроля над дзяржавай

У гэтым кантэксце, паўстае пытанне аб даступных для народа сродках, з дапамогай якіх ён можа наглядаць за дзяржавай і кантраляваць яе. Філосаф, падкрэслівае, што тут вельмі важна вызначыцца аб якой дзяржаве ідзе размова: аб дэмакратычнай, у якой свабода, закон і чалавечая годнасць ляжаць у фундаменце, а рацыяналізацыя палітычнага жыцця ажыццяўляецца ў сферы маральных каштоўнасцяў і норм; ці таталітарнай, у якой каштоўнымі з’яўляюцца ўлада і паслухмянасць, а рацыяналізацыя палітычнага жыцця здзяйсняецца ў перспектыве штучных ці тэхнічных каштоўнасцяў і норм.

Гаворачы, аб дэмакратыі, мы ведаем, што тут кантроль за дзяржавай ажыцяўляецца праз прадстаўнікоў народа, якія наглядаюць за працай урада і ў выпадку незадаволеннасці адпраўляюць яго ў адстаўку. “Ці пацыент не адмаўляецца ад паслуг урача, калі не задаволены лячэнем?”, - пытаецца Марытэн. Таксама і народ, мае ўладу кантраляваць свой урад.

Іншыя сродкі, гэта СМІ. Марытэн адзначае, што свабода СМІ не з’яўляецца абсалютнай і дзяржава можа яе абмежаваць у імя супольнага дабра, але па сваёй сутнасці, перад абліччам узрастаючай моцы дзяржавы, народ адносіцца да свабоды СМІ як да святога дабра, якое неабходна абараняць.

Нельга пазбаўляць народ свабоды ў дробных рэчах

Марытэн цытуе словы французскага палітычнага дзеяча і мысліцеля Алексіса Токвіля, які пісаў, што нельга пазбаўляць людзей свабоды ў дробных рэчах. Гэта не прыводзіць людзей да адчаю, але пастаянна стрымлівае і прымушае адмаўляцца ад праяваў уласнай волі. “Няма ніякая карысці ў тым, каб даваць грамадзянам, якія сталі вельмі залежнымі ад цэнтральнай улады, магчымасць час ад часу выбіраць прадстаўнікоў гэтай улады: гэты звычай, вельмі важны, але рэдкі і кароткачасовы, пры якім грамадзяне рэалізуюць свабоду выбара, не ўратуе іх ад далейшай дэградацыі, калі яны пачнуць губляць магчымасць адчуваць і дзейнічаць самастойна, і так з часам згубяць сваю чалавечую годнасць”, - пісаў у 1835 г. Токвіль.

Яшчэ ў ХІХ ст. стала відавочна, што дэмакратычныя народы, якія ўвялі свабоду ў сферу палітыкі, але ўмацавалі дэспатызм у выканаўчай уладзе, прыйшлі да вельмі неадназначных вынікаў. Так, яны мяркавалі, што грамадзяне не здольныя кіраваць дробнымі справамі у згодзе з добрым розумам. Але калі размова ідзе пра кіраванне цэлай дзяржавай, то гэтым грамадзянам яны гатовы даверыць усю уладу. Ці не дзіўна гэта?

На самой справе, цяжка сабе ўявіць, якім чынам людзі, што адмовіліся ад звычкі самастойна кіраваць сваімі справамі, маглі б паспяхова выбіраць тых, хто павінен імі кіраваць. Таму і немагчыма паверыць, што ў выніку галасавання народа, які мае лакейскія схільнасці, можа быць створаны мудры, энергічны і ліберальны ўрад.

У выніку, мы можам убачыць, што ў жыцці дзяржавы жыццёвая энергія павінна паходзіць ад народа і яго планы не павінны спускацца зверху і пасля прымацца большасцю. Яны павінны вызначацца самімі людзьмі.








All the contents on this site are copyrighted ©.