2011-11-29 15:24:08

Кардынал Бёрк: ЗША становяцца краінай, дзе пераследуюцца хрысціяне


RealAudioMP3 Амерыканскі кардынал Райманд Бёрк, прэфект Апостальскай Сігнатуры, лічыць, што ЗША паступова становяцца краінай, дзе пераследуюцца хрысціяне. У размове з журналістамі агенства “CNS” іерарх адзначыў, што не здзівіцца, калі хутка Каталіцкі Касцёл у Злучаных Штатах будзе вымушаны перайсці на “нелегальнае становішча” толькі па прычыне “абвяшчэння свайго вучэння аб чалавечай сексуальнасці”.

Кардынал Бёрк падкрэсліў, што перад абліччам шматлікіх нападак на Касцёл вызнаўцы Хрыста павінны “заставацца вернымі абаронцамі натуральнага закона”. “У адваротным выпадку, секулярызм пераможа і знішчыць нас”, - падкрэсліў іерарх.

Старшыня Каталіцкай Лігі ЗША Біл Донах’ю адзначае, што кардынал Бёрк мае рацыю, бо ў амерыканскім грамадстве секулярызм набыў ваяўнічую форму. “Эліты прымаюць адкрыта агрэсіўную секулярную пазіцыю і супрацьстаяць Каталіцкаму Касцёлу і іншым хрысціянскім Цэрквам у пытаннях маральных каштоўнасцяў”, - сказаў актывіст. У якасці прыкладаў дыскрымінацый Біл Донах’ю назваў легалізацыю гомасексуальных саюзаў у Нью-Ёрку і пазбаўленне чыноўнікаў права адмовіцца падцвярджаць такія саюзы згодна са сваім сумленнем. Акрамя таго, актывіст звяртае ўвагу на тое, што у многіх штатах былі зачынены каталіцкія дзіцячыя дамы, супрацоўнікі якіх адмаўляліся перадаваць дзяцей гомасексуальным парам для далейшага ўсынаўлення.








All the contents on this site are copyrighted ©.