2011-11-28 15:24:26

Кітай: новы біскуп са згоды Святога Пасаду


RealAudioMP3 30 лістапада ў Кітаі адбудзецца біскупскае пасвячэнне са згоды Апостальскай Сталіцы. 47-гадовы кс. Пітэр Ло Ксуеган стане біскупам-каадзьютарам дыяцэзіі Ібінь (правінцыя Сычуань), паведамляе французская інфармацыйная служба “Eglises d’Asie”. Новы біскуп атрымае права успадкаваць катэдру 95-гадовага біскупа Джона Чэна Шычжуна, які кіруе дыяцэзіяй з 1985 г., таксама са згоды Апостальскай Сталіцы.

У гэтым годзе па ініцыятыве кітайскай Каталіцкай патрыятычнай асацыяцыі адбылося некалькі біскупскіх пасвячэнняў без згоды Святога Пасаду. Што прывяло да кары суспэнзы для ўсіх пасвечаных без папскага мандату біскупаў і некаторых іншых, якія прымалі ўдзел у абрадах.

Па дадзеных інфармацыйнай службы, запланаванае пасвячэнне таксама не абяцае прайсці гладка. Крыніцы сцвярджаюць, што ўлады хочуць, каб абрад узначаліў адзін з адлучаных ад Касцёла біскупаў – атрымаўшы ў чэрвені біскупскую сакру без згоды Ватыкана, Поль Лей Шыйін.

Каля 13 млн. з 1,3-мільярднага насельніцтва Кітая з’яўляюцца католікамі, паводле статыстыкі Апостальскай Сталіцы, але па афіцыйных дадзеных кітайскіх уладаў, каталіцызм у краіне вызнаюць ўсяго 6 млн. Нароўні з падпарадкавальнай уладам Каталіцкай патрыятычнай асацыяцыяй у краіне існуе “падпольны” Касцёл, які знаходзіцца ў адзінстве з Рымам. На практыцы, рэзкае размежаванне паміж гэтымі групамі ў апошнія гады паступова сціраецца. За выключэннем некалькіх незаконна пасвечаных у лістападзе мінулага года біскупаў, большасць іерархаў асацыяцыі прызнаныя Апостальскай Сталіцай.







All the contents on this site are copyrighted ©.