2011-11-28 13:15:20

Бэнэдыкт ХVI: мы ўшаноўваем у чалавеку і прыродзе Створцу


RealAudioMP3 28 лістапада Бэнэдыкт ХVI прыняў на аўдыенцыі маладых удзельнікаў сустрэчы, якую арганізаваў у Ватыкане фонд “Sorella Natura” (Сястра прырода). Гэты фонд быў заснаваны у 1991 г. у Асізі як асацыяцыя, мэтай якой з’яўляецца ахова экалагічнай культуры і адукацыя ў духу хрысціянскай канцэпцыі св. Францішка Асізскага.

Святы Айцец звярнуўся да сабраных з прамовай, у якой адзначыў, што сустрэча супадае з датай абвяшчэння св. Францішка бл. Янам Паўлам ІІ у 1979 г. апекуном экалогіі. “Здаецца лагічна, што італьянская моладзь павінна мець асаблівае пачуццё да “сястры прыроды” і прадпрымаць канкрэтныя ініцыятывы ў абарону экалогіі”, - сказаў Пантыфік. Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што сёння як ніколі стала ясна, што павага да навакольнага асяроддзя грунтуецца на чалавечых каштоўнасцях. Паводле Святога Айца, на кожным этапе жыцця і ва ўсіх умовах павага да чалавечай асобы і да прыроды з’яўляецца вельмі важнай, бо і ў чалавеку і ў прыродзе мы знаходзім Створцу.

Папа падкрэсліў вялікае значэнне школы ў адукацыі да аховы навакольнага асяроддзя. “Чалавецтва не будзе мець добрай будучыні, калі мы не будзем выхоўваць усіх да такога ладу жыцця, у якім будзе больш павагі да стварэння. І гэты стыль жыцця закладаецца ў сям’і і школе”, - падкрэсліў Бэнэдыкт ХVI. Папа заахвоціў бацькоў і настаўнікаў надаваць гэтаму пастаянную выхаваўчую і адукацыйную ўвагу. “Акрамя таго, важна, каб гэтая праца ў сям’і і ў школе была падтрымана адказнымі ўстановамі”, - сказаў Папа да маладых прадстаўнікоў фонда “Sorella natura”.








All the contents on this site are copyrighted ©.