2011-11-28 12:20:13

30-годдзе працы кардынала Ёзэфа Ратцынгера-Бэнэдыкта XVI у Ватыкане


RealAudioMP3 Папа Бэнэдыкт XVI адзначыў у мінулую пятніцу 30-годдзе сваёй працы ў Ватыкане. 25 лістападзе 1981 г. арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі Ёзэф Ратцынгер быў прызначаны папам Янам Паўлам II прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння. Нямецкі іерарх стаў таксама асноўным тэалагічным дарадцам благаслаўлёнага Папы. Перад Ратцынгерам у Рыме стаяла двайная задача. З аднаго боку, ён павінен быў стаць захавальнікам веры, каталіцкай дактрыны, яе абаронцам ад нападаў і фальшавання. З другога ж, ён стаў каардынатарам “пастаяннага тэалагічнага абмену з цэнтрамі тэалагічнай думкі ва ўсім Касцёле” – што азначала “развіццё дыялогу і абмену ў адзінстве веры”, - сказаў ён у 1982 г. падчас сваёй першай сустрэчы з журналістамі ў Рыме.

Першым значным пытаннем, якое стаяла перад новым курыяльным кардыналам было абмеркаванне тэалогіі вызвалення. У 1984 г. і 1986 г. былі выдадзены два дакументы, у якіх быў вызначаны тэалагічны падыход “да пытання бедных”, і дадзена крытычная ацэнка чужым для Касцёла мадэлям, асабліва марксізму.

Сярод першых задач кардынала Ратцынгера была таксама гутарка з арцыбіскупам Марсэлем Лефэврам. У 1988 г., як вядома, намаганні скончыліся няўдачай.

Як прэфект Кангрэгацыі іерарх узяў на сябе кіраўніцтва Міжнароднай тэалагічнай камісіяй. Прэфект выступаў з лекцыямі па ўсім свеце і з’яўляўся аўтарам кніг і тэалагічных прац. Вельмі хутка кардынал Ратцынгер, са сваімі тэалагічнымі якасцямі і здольнасцю яснага аналізу сітуацыі, зарэкамендаваў сябе як адзін з вядучых іерархаў Рымскай Курыі. Гэта вельмі паўплывала на тое, што 19 красавіка 2005 г. ён быў абраны Папам.







All the contents on this site are copyrighted ©.