2011-11-26 11:53:25

Папа да іерархаў ЗША: усеагульная заклапочанасць будучыняй дэмакратыі


RealAudioMP3 26 лістапада 2011 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі групу іерархаў са Злучаных Штатаў Амерыкі, якія прыбылі ў Рым з візітам ad limina apostolorum. На працягу наступнага года епіскапат ЗША, падзелены на групы з-за свайго шматлікага складу, будзе прыбываць у Вечны Горад для здзяйснення візіту. Папа звярнуўся да сабраных іерархаў са сваімі разважаннямі на тэму рэлігійна-грамадскай сітуацыі ў ЗША і выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам краіны.

Святы Айцец узгадаў свой пастырскі візіт у Злучаныя Штаты Амерыкі ў 2008 г. і падкрэсліў, што прыбыў у той час, каб “заахвочваць католікаў Амерыкі на хвалі скандалу і дэзарыентацыі, выкліканых крызісам сексуальных злоўжыванняў апошніх дзесяцігоддзяў”. Сваім візітам Пантыфік “хацеў адзначыць асабістую сувязь з пакутамі ахвяр і заахвоціць да сумленных намаганніяў для забеспячэння бяспекі дзяцей і вырашэння належным чынам і празрыста пытанняў з абвінавачваннямі па меры іх узнікнення”. Бэнэдыкт XVI выказаў спрадзяванне, што “добрасумленныя намаганні Касцёла супрацьстаяць гэтай рэальнасці дапамогуць супольнасці больш шырока прызнаць прычыны, праўдзівыя маштабы і разбуральныя наступствы сексуальнага насілля, а таксама эфектыўна рэагаваць на гэта бедства, якое закранае ўсе узроўні грамадства”. Другім, не менш важным, аспектам візіту 2008 г. было жаданне “выклікаць у Касцёле ў Амерыцы, у святле рэзкіх змен у грамадскім і рэлігійным пейзажы, тэрміновае жаданне і патрэбу новай евангелізацыі”.

Звяртаючыся да севераамерыканскіх іерархаў Святы Айцец адзначыў усеагульную заклапочанасць будучыняй дэмакратыі. Паводле Папы, існуюць “трывожныя парушэнні інтэлектуальных, культурных і маральных асноў грамадскага жыцця, і расце пачуццё разрухі і нестабільнасці, асабліва сярод моладзі, перад тварам шырокамаштабных грамадскіх змен”. Таму “многія людзі добрай волі працягваюць шукаць у Касцёле мудрасць, разуменне і надзейнае кіраўніцтва ў вырашэнні гэтага далёка ідучага крызісу”.

На думку Святога Айца, аднаўленне Касцёла ў ЗША ў евангельскай праўдзе “па сутнасці звязаны з аднаўленнем агульнага бачання і пачуцця місіі ва ўсёй каталіцкай супольнасці”. Гэта, у прыватнасці, важна для каталіцкіх універсітэтаў, якія павінны аднавіць пачуццё сваёй касцёльнай місіі. “Маладыя людзі маюць права выразна чуць вучэнне Касцёла і, самае галоўнае, чэрпаць натхненне ў гармоніі і прыгажосці хрысціянскага паслання”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец даверыў духавенства, кансэкраваных асоб i свецкіх краіны заступніцтву Беззаганнай Панны Марыі, апякункі ЗША і ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне “як заклад мудрасці, сілы і свету ў Пану”.







All the contents on this site are copyrighted ©.