2011-11-25 17:16:11

"Веру, ведаю, разумею". Плёны Святога Духа. Доўгацярплівасць (І)


Мы працягваем разважаннях аб плёнах Святога Духа, у якіх нам дапамагаюць катэхезы падрыхтаваныя для нашага радыё італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні. Нагадаю, што ў мінулых праграмах, мы ўжо размаўлялі аб некаторых плёнах Святах Духа, такіх як валоданне сабой, лагоднасць, вернасць, дабрыня і добразычлівасць. У сённяшняй праграме, мы пачнем размову аб яшчэ адным плёне, які апостал Павел у сваім Пасланні да Галатаў, называе доўгацярплівасцю. Калі мы паглядзім на тыя плёны Святога Духа, з якімі нам засталося пазнаёміцца, а менавіта мір, радасць і любоў, то мы ўбачым, што якасць плёна заўсёды ўзрастае. Мы з кожным разважаннем падыходзім да больш сур’ёзнага, вялікага плёна.

Ітак, сёння мы размаўляем аб доўгацярплівасці. Слова цярплівасць, паходзіць ад слова “цярпець” – здольнасць перажываць цяжкасці і пакуты. Аднак, плён Святога Духа доўгацярпліваць, аб якім кажа апостал Павел, мае не зусім такое значэнне. У грэцкім тэксце Бібліі, гэта слова гучыць як “макросомія” – макро значыць “вялікі”, слова “сомія”, звязана з грэцкім “сюмос”, якое азначае “душа” – унутраная частка чалавека, крыніца ўласнага існавання. Значэнне гэтага слова не столькі духоўнае, колькі сутнаснае. Такім чынам дакладны пераклад слова “макросомія” – “вялікая душа”, “вялікадушнасць”. Ітак паміж доўгацярплівасцю і вялікадушшам існуе пэўная сувязь.

Давайце паспрабуем разабрацца, што азначае быць вялікадушным. Калі мы кажам аб вялікадушным чалавеку мы маем на ўвазе чалавека шчырага, лагоднага, цярплівага, спакойнага, талерантнага, шляхетнага – чалавека з вялікай душой. Калі гаварыць аб супрацьлеглых характарыстыках, то мы скажам – агрэсіўны, паспешлівы, неталерантны.

Калі мы размаўляем аб такіх характарыстыках, як напрыклад талерантнасць ці шчырасць, то маем на ўвазе пэўныя адносіны да чагосці ці кагосці – немагчыма быць талерантным, калі няма аб’екта талерантнасці, немагчыма быць талерантным самім па сабе – неабходна, каб быў хтосці ці штосці, адносна каго ці чаго мы будзем талерантнымі. Таксама і доўгацярплівасць, набывае сваё значэнне ў адносінах да іншага. У такім сэнсе значэнне гэтага слова можна патлумачыць так – быць доўгацярплівым азначае умець даць іншаму час, даць іншаму прастору, даць іншаму магчымасць.

Як можна убачыць доўгацярплівасць? Напрыклад мы можам убачыць лагоднасць, калі нехта не адказвае агрэсіяй на агрэсію. Мы бачым талерантнасць, калі нехта прымае недахопы іншага. Ітак. Доўгацярплівасць – гэта наша стрымананасць перад абліччам памылак нашага бліжняга. Гэта наша здольнасць, даць бліжняму магчымасць выправіцца, убачыць свае памылкі, супакоіцца.

Ітак паўстае пытанне, дзе ўзяць сілы на тое, каб даць іншаму права на памылку? Мы размаўляем аб плёнах Святога Духа і натуральна, што калі доўгацярплівасць з’яўляецца яго плёнам, то паходзіць ад Бога, ад Святога Духа.

Зазірнем на старонці Бібліі каб убачыць характарыстыкі самаго Бога. У Старым Запавеце, характарыстыка доўгацярплівасць і вялікадушнасць, адносіцца менавіта да Яго. У 34 главе кнігі Зыходу, Бог сам называе сваё імя - доўгацярплівы. У ІІ Пасланні апостала Пятра, ёсць цудоўныя слова: “Не марудзіць Пан з абяцаннем, як некаторым здаецца, але Ён цярплівы ў адносінах да нас і не хоча нічыёй згубы, але хоча ўсіх давесці да навяртання”. Бог гэта той, хто не судзіць нас згодна з нашымі грахамі, але застаецца “стрыманым на гнеў” і “багатым міласэрнасцю”.

Узнікае пытанне: чаму Бог дае нам час выправіцца? Чаму Бог хоча даць усім нам магчымасць убачыць свае памылкі? Чаму ён цярплівы да нас? Адказ на гэта пытанне можа падавацца вельмі простым: таму што Ён мае шмат часу. Таму што Ён сам яго стварыў. Ён не глядзіць на час як на абсалют, але перш за ўсё глядзіць на нас.

Цяпер падумаем, чаму мы не глядзім з цярплівасцю на іншых? Для нас час заканчваецца. Мы не можам даць шмат часу, таму што не маем яго. Таму што нават калі я пагаджуся, што ў будучыні ты выправішся, я не бачу сябе ў гэтай будучыні. Я не веру ў вечнасць. Я не стаю разам з Богам, я стаю разам з часам. Маю маленькую душу. Я хачу, каб ты выправіўся ў гэты самы момант. Таму нецярплівыя заўсёды падганяюць, наракаюць, падштурхоўваюць іншых. Калі я дам цябе час – я не буду мець больш часу. Такая пазіцыя нецярплівых. Вельмі цікава, што ў кнізе Адкрыцця св. Яна, той хто спяшаецца, хто нецярплівы і нестрыманы – гэта сатана, д’явал. “Ён поўны вялікай злосці, таму што мае мала часу” – чытаем ў 12 раздзеле кнігі Адкрыцця.

Бог наадварот – мае шмат часу, мае цэлую вечнасць. Ён заўсёды дае табе іншую магчымасць, таму што тое, што яго цікавіць – гэта ты. Тое што ён мае ў сэрцы гэта чалавек, яго душа, яго збаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.