2011-11-24 11:59:26

Мітрапаліт Кандрусевіч у Ватыкане: беларусы не талеруюць неталерантнасць


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі знаходзіўся з візітам у Ватыкане. Ён прымаў удзел у юбілейным пасяджэнні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, якая ў гэтым годзе адзначае сваё 40-годдзе. Іерарх быў уключаны ў склад каталіцка-праваслаўнай дэлегацыі, якая 23 лістапада перадала Святому Айцу дакументы ІІ Еўрапейскага каталіцка-праваслаўнага форуму, які праходзіў у 2010 г. на Родасе. Мітрапаліт Кандрусевіч пагадзіўся адказаць нам на некалькі пытанняў.

Эксцэленцыя, сёння адбылася ваша сустрэча з Папам, якому вы, у складзе дэлегацыі прадстаўнікоў Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, уручалі матэрыялы ІІ Еўрапейскага каталіцка-праваслаўнага форума. Раскажыце калі ласка як праходзіла сустрэча з Пантыфікам і аб чым казаў і пытаўся Святы Айцец падчас вашай непасэднай размовы?

Па-першае, я хачу падкрэсліць важнасць таго, што такія форумы адбываюцца. Гэта ўжо быў другі каталіцка-праваслаўны форум і ён праходзіў на Родасе. Наступная такая сустрэча пройдзе ў Лісабоне 5-9 чэрвеня 2012 г. Яна будзе прысвечана тэме эканамічнага крызісу і беднасці ў Еўропе, як выклікам нашага часу. Аб тэме сустрэчы ў Лісабоне мы, члены каталіцка-праваслаўнай дэлегацыі, дамовіліся 22 лістапада.

Форум, які праходзіў у мінулым годзе быў прысвечаны тэме адносін паміж Касцёлам і дзяржавай. Была выдадзена кніга, у якую ўвайшлі матэрыялы гэтага мерапрыемства. Мы вырашылі ўручыць яе сёння Папе. Пасля агульнай аўдыенцыі, у якой мы прымалі ўдзел, Папа прыняў нас асабіста. Гэта была змешаная дэлегацыя – каталіцка-праваслаўная. У склад праваслаўнай групы уваходзіў, сярод іншых, Мітрапаліт Іларыён з Маскоўскага Патрыярхату. Папа прывітаў усіх, затым кардынал Пэтэр Эрдо прадставіў Святому Айцу кнігу. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў важнасць каталіцка-праваслаўнага дыялога.

Падчас аўдыенцыі кожны ўдзельнік дэлегацыі падыйшоў да Папы і меў магчымасць коратка паразмаўляць з ім. Я ўручыў Святому Айцу Кампендый сацыяльнага навучання Каталіцкага Касцёла на беларускай мове. Я падзякаваў таксама Папе за тое, што кардынал Курт Кох наведаў Беларусь і прыняў удзел у канферэнцыі аб праваслаўна-каталіцкім дыялогу. Папа добра ведаў аб гэтай канферэнцыі і сказаў, што наколькі ён ведае, яна прайшла вельмі добра і цудоўна, што такія канферэнцыі ёсць. Бачна, што Папа вельмі зацікаўлены ў развіцці каталіцка-праваслаўнага дыялога і ўскладае на яго вялікую надзею, асабліва перад абліччам выклікаў нашага часу.

Эксцэленцыя, мы ведаем, што нядаўна адбыўся візіт у Беларусь, высокага ватыканскага іерарха кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Як праходзіў гэты візіт і якія вынікі гэтага візіта бачны ўжо сёння?

Сапраўды, на мінулым тыдні ў Мінску праходзіла вельмі важная экуменічная канферэнцыя на тэму праваслаўна-каталіцкага дыялога. Трэба нагадаць, што ў 2007 г. падобная канферэнцыя прайшла на тэму хрысціянска-ісламскага дыялога, у 2009 г. – аб хрысціянска-яўрэйскім дыялогу і нарэшце ў 2011 г. – аб праваслаўна-каталіцкім дыялогу. Гэта канферэнцыя прайшла вельмі добра – у ёй прыняў удзел вышэйузгаданы кардынал Курт Кох, што падкрэслівае важнасць падзеі. Акрамя таго, былі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла з Беларусі, Германіі, Італіі. Канешне былі прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, дзяржаўных уладаў, розных культурных асяродзяў не толькі з Беларусі, але і з розных краін Еўропы. Мне падаецца, што падобнага роду канферэнцыя магла адбыцца толькі ў Мінску. Яна паказала, што ў Беларусі ажыцяўляецца заклік бл. Яна Паўла ІІ, каб Еўропа дыхала двума лёгкімі.

У чым рэцэпт беларускага варыянта экуменізма?

Па-першае, гэта вельмі добрыя традыцыі, бо на нашай тэрыторыі з старадаўніх часоў жывуць у міры католікі і праваслаўныя. Па-другое існуе шмат змешаных сем’яў. І канешне, ёсць адкрытасць іерархаў з аднаго і другога боку. Таксама дзяржава адкрыта на такі дыялог і падтрымлівае яго. Мы адчуваем адказнасць перад Панам рэалізоўваць запавет Езуса Хрыста “каб усе былі адно”. Таксама мы адчуваем патрэбу сумесна адказваць на выклікі часу. Думаю варта падкрэсліць, што беларусы па сваёй прыродзе з’яўляюцца вельмі адкрытымі і талерантнымі. Яны вельмі не талеруюць неталерантнасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.