2011-11-24 11:21:41

Беларусь: “Карытас” актыўна зоймецца тымі, каму “за 70”


RealAudioMP3 Мінска-Магілёўскі “Карытас” пачаў актыўна працаваць з людзьмі сталага ўзросту. Гэта прынцыпова новы праект дабрачыннай каталіцкай арганізацыі сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Узаемапаразуменне”. Менавіта яго супрацоўнікі прапанавалі ўключыць у праект былых вязняў канцэнтрацыйных і працоўных лагераў. Усё гэта людзі з падарваным здароўем, часта зусім адзінокія. Але дапамогай “Карытас” могуць быць ахоплены ўсе, хто мае ў ёй патрэбу. На сённяшні дзень – гэта 50 чалавек з Мінска і Мінскага раёну, Бабруйска і Асіповіч. Праект разлічаны на 2 гады, увесь гэты час людзі сталага ўзросту перыядычна будуць збірацца на так званыя 3-дзённыя “адпачынкі” у “Карытас”, каб разам бавіць час. А як бавіць – гэта па жаданню, і валанцёры даведаліся на першай сустрэчы, што патрэбна чалавеку “за 70” або нават “за 80” – сярод удзельнікаў ёсць і такія. Як прызналася памочнік каардынатара праекта Вольга Лабуць, інтарэсам і запытам бабуль і дзядуль яны былі здзіўлены. Прыемна.

Праект называецца “Дыялог: аб перажытым – з любоўю да раўных”. У самой назве – і адна з самых важных складаючых частак – дыялог. На ўсе мерапрыемствы запрашаецца моладзь, а старыя, наадварот, цяпер часцей будуць выходзіць у свет – яны стануць гасціць у школах і на дзіцячых святах. Бо распавесці могуць шмат чаго – за плячыма жыццё, гісторыя, вопыт.

Супрацоўнікі Мінска-Магілёўскага “Карытас” плануюць прыцягнуць да ўдзелу ў праекце як мага больш састарэлых людзей. Наступны “адпачынак” для тых, каму “за..” адбудзецца ў дні калядных і навагодніх святаў. Ужо сёння можна сказаць, што ідэя мае водгук – удзельнікі праекта моцна чакаюць гэтай сустрэчы і ўжо сёння рыхтуюцца да яе.

Ларыса Абрамчук. Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.