2011-11-23 15:47:33

“Homo caritatis”. Народ у навучанні Жака Марытэна


RealAudioMP3 Мы працягваем знаёмства з філасофія Жака Марытэна, вялікага мысліцеля ХХ ст., думкі якога паўплывалі на ўсё каталіцкае навучанне, у тым ліку і сацыяльнае. Нагадаю што мы разважаем аб найбольш сістэматызаванай кнізе Марытэна, якая называецца “Чалавек і дзяржава”.

У мінулых праграмах мы ўжо размаўлялі аб нацыі, палітычнай супольнасці, дзяржаве. А што ж народ?

Марытэн адзначае, што народ не суверэнны ў поўным сэнсе гэтага слова, бо паняцце суверэнітэта тычыцца улады і незалежнасці, якія ў сваю чаргу, стаяць вышэй за цэлае, якім кіруе суверэн.

“Відавочна, што улада і незалежнасць народа не з’яўляюцца вярхоўнымі асобна ад самаго народа. Аб народзе, так сама, як і аб палітычнай супольнасці, варта сказаць, што ён не суверэнны, але валодае натуральным правам на поўную аўтаномію, ці самакіраванне”, - пісаў філосаф.

Народ карыстаецца гэтым правам, калі прымае пісаную ці непісаную Канстытуцыю палітычнай супольнасці, або калі яго частка аб’ядноўваецца ў невялікую палітычную групу з тым, каб выпрацаваць закон ці прыняць рашэнне, або калі ён выбірае сваіх прадстаўнікоў. У народа заўсёды застаецца такое права. Менавіта дзякуючы яму народ кантралюе дзяржаву і сваіх урадавых чыноўнікаў. Менавіта дзякуючы яму, народ абумоўлівае свой “пераход” у тых, хто прызначаны клапаціцца аб супольным дабры, хто валодае правам ствараць законы і кіраваць, так, што надзяляючы гэтых канкрэтных людзей уладай (на акрэслены срок і з акрэсленымі паўнамоцтвамі, народ у той жа меры абмяжоўвае уласнае права на самакіраванне, але ніякім чынам не акрэслівае заканчэнне валодання гэтым правам і не прыніжае колькасна гэта валоданне). Урадавыя чыноўнікі, ці ўрад, г.зн., людзі надзеленыя выканаўчай уладай, з’яўляюцца кіруючым органам у дзяржаве, бо народ іх зрабіў у палітычнай супольнасці прадстаўнікамі цэлага. “Усё гэта цалкам адпавядае нашаму заключэнню, згодна з якім выраз “суверэнітэт народа” не з’яўляецца самым дакладным акрэсленнем дэмакратычнага ладу”, - адзначае Жак Марытэн. Філосаф нагадвае аб словах Лінкальна: “Кіраванне народа, народам і для народа”. Гэта значыць, што народам кіруюць тыя людзі, якіх народ абраў і надзяліў правам карыстацца ў рамках іх функцыянальных абавязкаў пэўнага рода і тэрміна і над кіраўнічай дзейнасцю, якіх, народ ажыцяўляе пастаянны кантроль – перш за ўсё, праз сваіх прадстаўнікоў і спецыяльна скліканыя сходы.

Акрамя таго, аб самім паняцці народа, Марытэн кажа, што сучанае уяўленне аб ім мае доўгую гісторыю і ўзнікае з незвычайнай рознасці значэнняў, якія злучаюцца ў адно. Але калі разглядаць палітычны сэнс гэтага слова, то дастаткова будзе сказаць, што народ уяўляе сабой шматлікасць чалавечых асобаў, якія, аб’яднаўшыся пад справядлівымі законамі, ва ўзаемным сяброўстве і ў імя супольнага дабра іх чалавечага існавання, складаюць палітычнае грамадства. Паняцце палітычнага грамадства азначае адзінае цэлае, якое складаецца з людзей. Паняцце народа азначае натуральным чынам аб’яднаных членаў, якія складаюць палітычнае грамадства. Такім чынам, Марытэн, адзначае, што тое, што ён расказаў аб палітычным грамадстве і нацыі ці аб палітычным грамадства і дзяржаве, тычыцца таксама народа і нацыі ці народа і дзяржавы. Больш за тое, паколькі народ – гэта людзі, якія не толькі складаюць палітычнае грамадства, але кожны з гэтых людзей мае бесмяротную душу і пазачасава прызначэнне, то паняцце народа гэта найвышэйшае і найшляхетнейшае з асноўных паняццяў, якія мы будзем аналізаваць у наступных праграмах.

Народ, гэта сама жывая і свабодная субстанцыя палітычнага грамадства. Народ вышэй за дзяржаву; не народ – для дзяржавы, але дзяржава для народа.

Нарэшце Марытэн, адзначае, што народ мае асаблівую патрэбу ў дзяржаве, паколькі дзяржава з’яўляецца спецыяльным органам, пакліканым клапаціцца аб цэлым, і таму яна паклікана абараняць народ, яго правы і павышаць яго жыццёвы ўзровень насуперак эгаізму і прыватным інтэрэсам прывелігіраваных груп і класаў.

У сярэдневечнай Францыі народ і кароль падтрымлівалі адзін аднаго (хоць і не цалкам адназначна) у іх барацьбе супраць дамінавання буйных феадалаў. У новы час, тое самае можна сказаць аб народзе і дзяржаве у іх барацьбе за сацыяльную справядлівасць. Аднак, як мы бачылі, гэты нармальны працэс, калі ён скажаецца абсалютызмам таталітарнай дзяржавы, якая узвышае сябе да ўзроўня вярхоўнага прынцыпа дабра і зла, вядзе да бедаў і рабавання народа; і гэты нармальны працэс становіцца небяспечным, калі народ аддае сябе ў рукі дзяржавы, якая, якой б добрай не была, не свабодна ні ад ідэі ўласнага суверэнітэта, ні ад сапраўдных недахопаў самаго палітычнага грамадства.

Для таго, каб умацаваць і зрабіць больш паспяховым рух за сацыяльны дабрабыт, які падтрымліваецца дзяржавай, а таксама вярнуць дзяржаву да яе сапраўднай прыроды, неабходна, каб многія функцыі, якія выконвае дзяржава, былі размеркаваны паміж рознымі аўтаномнымі органамі плюралістычна структураванага палітычнага грамадства. Марытэн звяртае таксама ўвагу на неабходнасць таго, каб народ меў імкненне і сродкі для устанаўлення свайго кантроля над дзяржавай.








All the contents on this site are copyrighted ©.